Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Будслаў-2013 у фотаздымках
Беларусь
08.07.2013 15:00

«Праз сцяну дажджавой вады можна было разглядзець, як унутры намёта людзі шчыльна стаялі адзін ля аднаго, плячо да пляча, каб разам супрацьстаяць стыхіі. Для мяне гэта быў нібы цудоўны і прыгожы знак адзінства — такімі павінны быць нашы хрысціянскія супольнасці, нашае сяброўства, нашае жыццё». Будслаўскія ўрачыстасці вачыма фатографа Catholic.by Аляксандры Шчыглінскай.

вI. Напачатку
 

«Лі і не шкадуй ім вады, бо сёння будзе горача» — казала адна з законных сясцёр, паглядаючы на жоўтыя ліліі, якія так хораша ўпрыгожылі сцэну. Ужо а 7-й зранку невялічкая вёска Будслаў вяла актыўную падрыхтоўку да свята. Тут кожны займаўся сваёй справай: адны ставілі гандлёвыя намёты, іншыя з самай раніцы былі занятыя на кухні, а каля алтара вяліся апошнія прыгатаванні, дзе сёстры з лагоднай усмешкай палівалі кветкі.

Раніца гэтага дня — 5 ліпеня — была незвычайнай. Напоўнена яна была радасцю і чаканнем, прадчуваннем свята, якое вось-вось павінна было распачацца.

 

g II. Дажджавая неспадзяванка

І вось прыкладна а 13-й гадзіне пачуліся першыя пілігрымкавыя спевы. Спачатку здалёк, а потым усё бліжэй, і яны радавалі сэрца: гэта пілігрымы набліжаліся да санктуарыя. 

Радасць і моц гэтых спеваў заўсёды ўражвалі мяне. Яны, пешыя пілігрымы, якія прайшлі дзясяткі і сотні кіламетраў, пераадолеўшы розныя цяжкасці, напэўна, як ніхто ўмеюць радавацца дасягненню мэты. Яны доўга чакалі гэтага і шмат ахвяравалі, каб укленчыць перад абразом Маці Божай Будслаўскай і адкрыць Ёй сваё сэрца.

Але вось неба над Будславам пацямнела. Вялікія і цяжкія кроплі вады падалі спачатку паволі, а потым пачалася сапраўдная навальніца з ветрам і моцным дажджом. Доўжылася яна хвілін 15, але паспела нарабіць шкоды — паламала некаторыя намёты, сарвала дэкарацыі з алтара, нават паваліла адно дрэва… 

Ніхто не чакаў такога, бо заўсёды здаецца, што Бог абароніць ад непрыемнасцяў, асабліва ў такім святым месцы падчас святкаванняў.

Дэкарацыі на алтары былі разбураны непапраўна. І гэта за паўтары гадзіны да распачацця урачыстай святой Імшы! Безумоўна, было шкада. І працы сясцёр, і разбураных намётаў, вымаклых кніг і гукавой апаратуры. Але мне падумалася: усё гэта – толькі рэчы. Часам Бог выкарыстоўвае рэчы (або нават забірае іх) для таго, каб… фармаваць нашу душу. Яна мае самую вялікую вартасць для Бога. Вось і зараз: дэкарацыі — усё, чым мы так хацелі упрыгожыць, «стварыць» гэту урачыстасць, — разбураныя. Можа, гэта так сталася, каб мы зразумелі, што па сутнасці мы нічога не можам Яму даць. Гэта Ён сам — усё дае нам.

 
 

Дарэчы, цікавы момант. Намёт «Caritas» падчас буры выстаяў. Праз сцяну дажджавой вады можна было разгледзець, як унутры намёта людзі шчыльна стаялі адзін ля аднаго, плячо да пляча, каб разам супрацьстаяць стыхіі. Для мяне гэта быў нібы цудоўны і прыгожы знак адзінства — такімі павінны быць нашы хрысціянскія супольнасці, нашае сяброўства, нашае жыццё. 

III. Ранішні цуд

Ужо заканчваючы апрацоўваць фотаздымкі пасля начной святой Імшы, я паглядзела ў акно — святлела, навокал стаяў густы туман. Я вырашыла прайсціся па ранішнім Будславе, бо спаць у такую прыгажосць здавалася немагчымым.

Жыццё ранішняга Будслава цікавае: людзей значна менш, але яны ёсць – адны паснулі на лаўках, завярнуўшыся ў цёпленькую коўдру, іншыя вяртаюцца з намётавага гарадка, хтосьці ўсё яшчэ купляе сабе ў палатках розныя «штучкі», а бабулі трывала моляцца на ружанцы... І толькі зрэдку чуецца: «Глядзі, якая прыгажосць!» — нехта таксама заўважыў ранішні цуд.

 

аIV. Радасць сустрэчы

Чым для вас з’яўляецца Будслаў? Для мяне гэта — радасць сустрэчы. Тут заўсёды можна сустрэць сяброў, з якімі даўно не бачыўся, але так хацеў пабачыцца. Сустрэчы гэтыя заўсёды цёплыя і радасныя, напоўненыя гарачымі абдымкамі і гучнымі воклічамі. Нават трохі дзіўна.

Напэўна, Бог хоча, каб мы сустракаліся. Каб сустракаліся нашы вочы і ўсмешкі, нашы сэрцы, «каб усе былі адно адно» (Ян 17, 21). Хоча, каб мы сустракаліся, а не разыходзіліся.

Але самая галоўная Сустрэча, якая адбываецца тут, — гэта сустрэча з Богам праз заступніцтва Яго Маці. Сустрэча з Богам — самая каштоўная ў нашым жыцці, і яе мы, можа, часта не цэнім.

 
 

Яшчэ адна сустрэча, напэўна, чакае Беларусь. На заканчэнне галоўнай Імшы падчас будслаўскіх урачыстасцяў, калі здавалася, што ўсё ўжо сказана і зроблена, легат Папы кардынал Жан-Луі Таран звярнуўся да прысутных з прамовай. Была яна шчырая і простая.

«Я прыехаў сюды як пілігрым, а выязджаю як пасол, — кардынал зрабіў паўзу і акінуў вокам шматтысячны натоўп. Гэтая паўза нібы рыхтавала слухачоў да нейкіх вельмі важных словаў. — Я павінен пераканаць Святога Айца ў тым, што ён павінен сюды прыехаць. — Натоўп выбухнуў апладысментамі. — Праз тыдзень я буду бачыцца з Папам і перадам яму ваша запрашэнне».

Аляксандра Шчыглінская

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.