Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кардынал Бэртонэ падзяляе радасць з беларускімі вернікамі з нагоды знаходжання рэліквій святога Яна Боско ў Беларусі
Беларусь
28.08.2013 19:14

Яго Эксцэленцыі
найдастойнейшаму арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроцці
Апостальскаму Нунцыю ў Рэспубліцы Беларусь


Ваша Эксцэленцыя,

з вялікім задавальненнем даведаўшыся пра тое, што ў Беларусь нядаўна прыбылі рэліквіі святога Яна Боско, я ўсім сваім сэрцам жадаю стаць удзельнікам гэтай падзеі Божай ласкі, падзяляючы з вамі вашыя пачуцці. Я прагну зрабіць гэта перадусім таму, што харызма Дона Боско вяла і натхняла мяне ўсё маё жыццё.

Жывы ўспамін пра тое, як у 2008 годзе я наведаў Беларусь, дазваляе мне яшчэ лепш зразумець значэнне гэтай падзеі. Тады мяне асаблівым чынам уразіла беларуская моладзь: уразіла сваёй вялікай годнасцю, сардэчнаю дабрынёю і адкрытасцю на сустрэчу з Богам.

У той час, калі парэшткі святога Яна Боско наведваюць і благаслаўляюць Беларусь, дзякуючы прыкладу гэтага вялікага сябра моладзі, які ўмеў яе любіць і паважаць, быў побач з ёю і ніколі ёй не здрадзіў, расце і ўзмацняецца давер да той працы, якую Касцёл здзяйсняе дзеля маладых. Сапраўды, гаворка ідзе пра пэўны душпастырскі прыярытэт. Калі маладыя людзі адчуваюць, што іх любяць, яны самі гатовыя прысвяціць сваё жыццё іншым. Калі дзякуючы адкрытаму і шчодраму сэрцу, якое меў святы Дон Боско, да іх вяртаюцца сілы і загойваюцца іхнія раны, тады аднаўляецца Касцёл, узрастае энтузіязм і надзея. Таксама і грамадзянская супольнасць атрымлівае вялізнае багацце, якім з’яўляюцца новыя грамадзяне: адказныя, сумленныя, гатовыя служыць супольнаму дабру. Таму, Ваша Эксцэленцыя, прашу Вас перадаць беларускім біскупам, якія прымаюць рэліквіі, маім братам салезіянам, дачкам Марыі Успамогі хрысціянаў, усім вернікам, а асабліва моладзі, маё сардэчнае прывітанне.

Яднаючыся з вамі ў малітве і ў супольнай радасці, ад шчырага сэрца ўдзяляю вам маё благаслаўленне.

Кардынал Тарчызіё Бэртонэ
Дзяржаўны Сакратар

Ватыкан, 27 жніўня 2013 г.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.