У санктуарыі ў Вострай Браме ў Вільні перад успамінам Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Божай Вастрабрамскай, праходзяць Дні супольнай малітвы для вернікаў розных нацыянальнасцяў, у тым ліку з Беларусі. 12 лістапада Імшу з удзелам беларускіх католікаў y касцёле св. Тэрэзы ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
Сярод беларусаў, якія прыбылі ў Вільню, знаходзіцца таксама група з Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Звяртаючыся да пілігрымаў з Беларусі, біскуп адзначыў: «Пілігрымка прыгадвае нам з Бібліі вандроўку першых людзей — пераход да шчаслівай вечнасці. Такую вандроўку прайшлі Абрагам, Майсей і выбраны народ, які вандраваў 40 гадоў па пустыні». Была пілігрымам і Божая Маці Марыя.
«Наша вандроўка мае глыбокі сэнс: мы хочам скласці Найсвяцейшай Панне Марыі пашану, удзячнасць і праслаўленне і адчуць Яе жывую прысутнасць, — падкрэсліў іерарх. — Мы — дзеці Марыі — ідзём слядамі Яе дарогі веры, любові і надзеі. У канцы вандроўкі нас чакае Бог».
Па словах біскупа, вернікі, прыходзячы да Маці Божай Вастрабрамскай, хочуць «падзякаваць за благаслаўленне для Касцёла ў Беларусі», «за святароў, якія працуюць на жніве Пана», «за семінарыстаў, кансэкраваных асобаў, якія ахвярна служаць Богу і людзям», «за катэхетаў, моладзь, сем’і, старэйшых людзей, якія перадалі нам скарб веры», «за дар добрых людзей, якіх спатыкаем на дарогах нашага жыцця», «зза ўсё, чым Бог кожны дзень адорвае». Таксама іерарх заахвоціў пілігрымаў «у цішыні перад алтаром выказаць тыя просьбы, з якімі мы прыбылі ў Вострую Браму», звярнуцца «з просьбай да Марыі аб парадах на далейшае нашае жыццё».
Пінскі ардынарый звярнуў увагу, што пілігрымка з’яўляецца таксама «школай розных асабістых ахвяр, адрачэнняў», узгадаўшы словы Хрыста з Евангелля: «Калі хто хоча ісці за Мной, няхай адрачэцца самога сябе». Гэтае адрачэнне сябе самога, дадаў біскуп, важнае асабліва тады, «калі атакуе зло, каб не паддацца яму», «калі знаходзімся на дарозе да дабра, але з'яўляюцца ўсё новыя перашкоды і паўстае пытанне - ці варта». «Сціпласць, вынослівасць і самаадрачэнне», па словах іерарха, неабходны, «каб вытрываць, даказаць што мы вучні Пана і Яго Маці Марыі».
Напрыканцы біскуп звярнуўся да Маці Божай словамі Айцоў Касцёла: «Вітана будзь, Марыя, каштоўная пярліна свету, нязгасны светач, Карона паннаў, скіпетр праўдзівай веры, незнішчальная святыня, жытло Нязмернага, Дзева і Маці, дзякуючы якой у Евангеллі "Благаслаўлёным" названы Той, які прыходзіць у Імя Пана».
Успамін Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Міласэрнасці, Маці Божай Вастрабрамскай адзначаецца 16 лістапада. Перад ім на працягу дзён падрыхтоўкі пілігрымы з Беларусі ўдзельнічаюць у Вільні ў Імшах на беларускай мове. (AG)
|