Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Лідзе ўрачыста адкрыўся VIII Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў
Беларусь
25.02.2014 16:25

25 лютага ў спарткомплексе “Алімпія” ў Лідзе адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця VIII Чэмпіянату Еўропы па міні-футболе сярод святароў. Хлебам і соллю сустрэлі ўдзельнікаў каманд святароў, якія ўдзельнічаюць у Чэмпіянаце, - з Беларусі, Аўстрыі, Албаніі, Босніі і Герцагавіны, Венгрыі, Казахстана, Польшчы, Партугаліі, Румыніі, Славакіі, Славеніі, Украіны, Харватыі і Чарнагорыі.

У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі Леанід Гуляка і старшыня Лідскага райвыканкама Аляксандр Астроўскі.

На пачатку прагучаў гімн Беларусі ў выкананні лідскай моладзі.

Са словам да гасцей з замежжа і Беларусі і жыхароў Ліды звярнуўся Леанід Гуляка. Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі падзякаваў за гонар прысутнічаць на цырымоніі адкрыцця гэтага значнага мерапрыемства і сардэчна прывітаў усіх яго ўдзельнікаў.

Старшыня Лідскага райвыканкама Аляксандр Астроўскі, звяртаючыся да сабраных, адзначыў, што ў Лідзе існуе сапраўды добрая база для правядзення падобных спаборніцтваў, а таксама што будзе зроблена ўсё, каб прабыванне гасцей з розных краін у гэтым беларускім горадзе ператварылася ў сапраўднае свята.

Абвясціць Чэмпіянат адкрытым меў гонар біскуп Аляксандр Кашкевіч. Іерарх выказаў радасць з правядзення гэтай значнай падзеі ў горадзе Ліда, пажадаў усім добрага настрою і Божага благаслаўлення.

На працягу дня сёння будуць праходзіць спартыўныя спаборніцтвы, у ходзе якіх будуць вылучаны найлепшыя ўдзельнікі і тыя, якія пройдуць у паўфінал.

Чэмпіянат адбываецца на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі ў горадзе Ліда пад непасрэдным патранатам Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі і пры падтрымцы Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, а таксама Лідскага раённага выканаўчага камітэта.

(JM), (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.