Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч на Імшы ў межах Чэмпіянату ў Лідзе: праз спаборніцтвы на футбольным полі слугі алтара нясуць святло Евангелля
Беларусь
27.02.2014 12:00

27 лютага – вельмі важны дзень для ўдзельнікаў VIII Чэмпіянату па міні-футболе сярод святароў, які праходзіць у Лідзе: у гэты дзень будуць вызначаны пераможцы спаборніцтваў. Раніцай усе святары, якія прымаюць удзел у Чэмпіянаце, сабраліся ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа на супольнай Эўхарыстыі, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Трэба падкрэсліць, што на працягу ўсіх дзён спартыўных спаборніцтваў асабліва адчуваецца паўсюднасць Касцёла, таму што падчас літургіі ўжываюцца розныя мовы. У Імшах удзельнічаюць прадстаўнікі розных нацый, аднак усіх яднае Хрыстус і вера ў Яго, а таксама гэтае вялікае спартыўнае мерапрыемства еўрапейскага ўзроўню, месцам правядзення якога сёлета стаў горад Ліда.

Падчас Імшы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прамовіў дзве гаміліі - на беларускай і англійскай мовах. У гаміліі па-беларуску, зыходзячы з Евангелля, якое Касцёл прапануе на гэты дзень, іерарх падкрэсліў, што Хрыстус звяртае ўвагу на чатыры справы. Першая, па словах арцыпастыра, заключаецца ў тым, што калі мы дадзім камусьці кубак вады, гэта не застанецца без узнагароды ад Бога. Другая – у тым, што “мы не павінны быць прычынай граху іншага чалавека”. Трэцяя – “калі наша рука, нага ці вока становіцца прычынай граху для іншага чалавека, то лепей не мець іх”. Чацвёртая – “мець соль у сабе, бо калі соль выветрыцца, яна траціць свае функцыі і ёю нельга нічога пасаліць”.

Гэтыя заўвагі Хрыста, як адзначыў Мітрапаліт, выглядаюць як быццам чатыры розныя сказы з рознымі думкамі, аднак на самой справе яны злучаны паміж сабой. “Чалавечае жыццё мае свой сэнс. Усе нашы фізічныя і духоўныя сілы і таленты дадзены нам з пэўнай мэтай, і мы павінны іх выкарыстаць для таго, каб чыніць дабро, а не зло. Калі мы іх выкарыстоўваем негатыўна, то лепей іх зусім не мець. Заклапочанасць Езуса з’яўляецца вельмі моцнай, і яна выводзіць нас з камфортай зоны нашага жыцця аж да такой ступені, што лепей не мець талентаў, каб толькі не весці іншых у грэх”, - дадаў арцыбіскуп.

“Хрыстус кажа, што мы павінны заўсёды заставацца соллю зямлі. Соль хрысціянства павінна заставацца ў нас. Мы не можам яе страціць, бо тады наша жыццё не будзе мець сэнсу”, - падкрэсліў арцыпастыр.

Па словах іерарха, выкарыстоўваючы метафару солі, Хрыстус апісвае, як хрысціянін павінен жыць у гэтым свеце: “як соль ачышчае, захоўвае ежу ад сапсуцця, пранікае ў ежу і надае ёй новы смак, так і хрысціянін павінен спрыяць ачышчэнню свету ад граху”, “павінен захоўваць яго ад зла і соллю хрысціянства ўплываць на маральны стан грамадства”.

“Чэмпіянат па міні-футболе – гэта добры прыклад выказаць свае фізічныя і духоўныя здольнасці, каб праз іх несці Евангелле ў свет і захаваць яго ад маральнага сапсуцця”, - дадаў Мітрапаліт.

На англійскай мове арцыбіскуп нагадаў словы Хрыста, што хрысціяне павінны быць святлом свету і соллю зямлі. Іерарх прыгадаў таксама аб фундаментальным значэнні святла і солі ў жыцці чалавека. “Аднак, у той жа час, чалавек патрабуе і духоўнага святла і духоўнай солі, каб не заблудзіцца ў жыцці, асвятляць і саграваць святлом веры іншых людзей, а таксама берагчы іх ад маральнага сапсуцця і надаваць смак хрысціянства сучаснаму свету”, - падкрэсліў арцыпастыр.

Усё гэта, па словах Мітрапаліта, можна ўчыніць сваім хрысціянскім сведчаннем. Іерарх распавёў, як падчас пераследу веры людзі на беларускай зямлі сапраўды выявілі моцную веру, “былі святлом пагружанаму ў цемру атэізму грамадству і соллю маральна сапсутай зямлі”.

Такім сведчаннем, дадаў арцыбіскуп, з’яўляецца і Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў, калі “праз спаборніцтвы на футбольным полі слугі алтара нясуць святло Евангелля ў свет і ўмацоўваюць яго соллю хрысціянскай веры”.

(JM), (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.