Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Мінску была прынята «Беларуская дэкларацыя абароны жыцця чалавека»
Беларусь
13.03.2014 23:19

У Мінску 13 сакавіка адбылася канферэнцыя «Роля традыцыйных веравызнанняў у вырашэнні праблем захавання жыцця і дэмаграфічнай бяспекі Беларусі», падчас якой была прынята «Беларуская дэкларацыя абароны жыцця чалавека».

Арганізатарамі канферэнцыі выступілі Беларуская Праваслаўная Царква і Мінска-Магілёўская рыма-каталіцкая архідыяцэзія.

У канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі розных традыцыйных канфесій у краіне, а таксама спецыялісты па дадзенай тэме. Сярод іх з прывітальным словам ад Мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Тадэвуша Кандрусевіча выступіў дапаможны біскуп Юрый Касабуцкі.

У прывітальным слове быў моцны заклік, на які потым звярталі ўвагу і наступныя выступоўцы: «Беларусь, калі хочаш быць Вялікай, барані жыццё!», перафразаваны са словаў благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ.

«Каталіцкі Касцёл, як і Праваслаўная Царква і іншыя веравызнанні, цвёрда стаіць на пазіцыі захавання Божага дару жыцця. Благаслаўлёны Папа Ян Павел II у энцыкліцы “Евангелле жыцця” вучыць, што першым правам чалавека з’яўляецца права на жыццё ад зачацця аж да натуральнай смерці (пар. EV 2). Гэтае права абумоўлівае ажыццяўленне ўсіх іншых правоў і мае на ўвазе незаконнасць любых формаў аборту (пар. EV 7-28)». — адзначалася ў звароце. 

Падчас канферэнцыі з дакладамі выступілі кіраўнік грамадскай ініцыятывы Рух «Пралайф Беларусь» Таццяна Тарасевіч, дырэктар Дабрачыннага фонда абароны жыцця і сям'і «Адкрытыя сэрцы» Уладзіслаў Валаховіч, якія змаглі глыбока раскрыць праблему абортаў, як на тэрыторыі Беларусі, так і ў замежных краінах.

Мела сваё слова загадчыца аддзялення павышэння кваліфікацыі, выкладчыца акушэрства і гінекалогіі Барысаўскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Святлана Мазгунова. Дакладчыца звярнула ўвагу на патрэбу ў зменах выкладання ў медыцынскіх установах, пачынаючы са зменаў у фармулёўцы тэрміналагічных адзінак, выключаючы такія словы, як "прадукт зачацця" і г.д., і працягваючы зменамі ў саміх праграмах, адной з тэмаў якіх з'яўляецца аборт.

Таксама сярод выступоўцаў былі: Алена Перапяліца, старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута прававых даследаванняў Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў; прадстаўнік Евангелічна-лютэранскіх супольнасцей пастыр Уладзімір Татарнікаў; кс. прэлат Андрэй Стэцкевіч, біскупскі вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі; прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы: епіскап Барысаўскі, вікарый Мінскай епархіі Веніямін, а. Сяргей Гардун, а. Сяргей Лепін; прадстаўнік Мусульманскага рэлігійнага аб'яднання Абу-Бекір Шабановіч, прадстаўнік Аб'яднання іудзейскіх рэлігійных супольнасцяў рабін Шнеор Дайч і інш.

Праведзеная канферэнцыя скончылася прыняццем выніковай Дэкларацыі і зацвярджэннем плана супрацоўніцтва для рашэння сацыяльных і дэмаграфічных праблемаў.

Дадатковай прапановай была ідэя стварэння ініцыятыўнай групы, мэтамі якой была б сумесная дзейнасць па абранаму пытанню.

З тэкстам прынятай Дэкларацыі можна пазнаёміцца на інфармацыйна-аналітычным партале «Пралайф Беларусь».

Аксана Ючкавіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.