Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Моладзь у Касцёле |
Беларусь |
23.04.2014 12:00 |
«Моладзі належыць будучыня, падобна таму, як калісьці яна належала пакаленню дарослых, і менавіта з імі стала рэчаіснасцю», - пісаў пра моладзь у 1985 годзе Папа Ян Павел ІІ. Якая яна — хрысціянская моладзь? Чым жыве і пра што марыць? Якую ролю адыгрывае ў яе жыцці вера ў Бога? Гэтай тэме і прысвечана новая рубрыка catholic.by. У ёй мы будзем знаёміць нашых чытачоў з моладдзю каталіцкіх парафій Беларусі. Пра свой удзел у тэлевізійных конкурсах «Must be the Musik» (Polsat, Польшча) і «Акадэмія талентаў» (АНТ, Беларусь) сёння распавядаюць Яна Бажычка і Ірына Некраш. Гісторыя першая: «Я адчула сябе зоркай. Хай і на непрацяглы час» Беларуска Яна Бажычка ў мінулым годзе дайшла да паўфінала папулярнага ў Польшчы конкурса вакалістаў «Must be the Musik». Чым зусім не здзівіла сваіх сяброў і родных — Яна не першы год мэтанакіравана займаецца музыкай. Нарадзілася і вырасла дзяўчына ў Бабруйску ў веруючай сям’і. Нават свайму захапленню спевамі, па ўласным прызнанні, яна абавязана Касцёлу: «У дзяцінстве, калі я з бацькамі прыходзіла ў касцёл, там часта граў гурт «Магніфікат». І я заўсёды хацела быць як яны (усміхаецца — заўв. аўтара). Памятаю, імкнулася далучыцца да іх падчас спеваў, каб быць бліжэй да мікрафона (смяецца). Спеў для мяне — гэта дар ад Бога. І мець такі дар – вялікая радасць. Я імкнуся працаваць над сабой і развівацца». Некалькі гадоў Яна займалася вакалам у студыі «Залатыя галасы» пры Арт-гурце «Беларусы», удзельнічала ў мюзіклах і канцэртах. Голас дзяўчыны ведаюць і ўдзельнікі пілігрымкі «Мінск-Будслаў», дзе дзяўчына таксама любіць спяваць. Яна ўжо паспела запісаць два дыскі: «Слаўце Пана неба» з Андрэем Лугіным, салістам хрысціянскага гурта «Laudans», і сумесны дыск з евангелізацыйным праектам «РЫБЫ», салісткай якога яна з’яўляецца. (песня "Засвявайце Богу" -- у дуэце з Андрэем Лугіным; дыск «Слаўце Пана неба») Конкурс «Must be the Musik» стаў натуральным працягам творчага жыцця дзяўчыны. «Сам конкурс падзяляўся на чатыры часткі: прадкастынг, кастынг, паўфінал і фінал. Я дайшла да паўфінала. Хоць я выконвала песні на рускай мове, нейкай прадузятасці з боку журы я не адчула. Магчыма, не ўсе тэлегледачы падчас галасавання зразумелі, аб чым песня, таму што арыгіналу гэтых песень яны, магчыма, не чулі і адпаведна не маглі параўнаць. Але затое ў Беларусі гэтыя песні былі высока ацэненыя, ці ж не гэта галоўнае?» «Безумоўна, конкурс даў мне вопыт. Усё тое, чаму я навучылася за гэтыя паўгады, дало мне вялікі штуршок наперад! На конкурсе я пазнаёміліся як з польскімі, так і замежнымі зоркамі. Магчымасць выступаць з імі на адной сцэне, размовы ў перапынках... Тады і сама пачынаеш адчуваць сябе зоркай (усміхаецца – заўв. аўтара), дзякуючы стылістам, візажыстам, фатографам і г.д. Бо прыемна, калі пра цябе клапоцяцца. Я задаволена (усміхаецца – заўв. аўтара)». На пытанне пра веру і яе значэнне ў сваім жыцці, Яна адказвае: «Вера ў Бога для мяне — гэта дар, які маюць не ўсе. Аднак пры жаданні і малітве Бог можа гэтым дарам адарыць. Вера — гэта не толькі ведаць і верыць, што Бог ёсць, але верыць і ведаць, што ў Яго ёсць план на тваё жыццё. Толькі Бог ведае, як лепш пражыць жыццё. Ён выбірае нас на свае жыццёвыя місіі, галоўнае — Яму даверыцца». Гісторыя другая: «Беларускі шоу-бізнес – не маё. Мне хапіла паўгады, каб зразумець гэта» Для Ірыны Некраш, парафіянкі мінскай архікатэдры, музыка і спевы — таксама родныя стыхіі. Спяваць Ірына пачала ў садку, пасля — ў школе, спявала ў касцёльным хоры і робіць гэта і сёння ў складзе архікатэдральнага хора «Глорыя». У свой час за прыгожы акадэмічны вакал дзяўчыне прарочылі вучобу ў кансерваторыі, ды й сама Ірына часта над гэтым задумвалася. Аднак жыццёвая сцяжынка прывяла ў рэшце рэшт на энергетычны факультэт БНТУ. Сёння Іра працуе эканамістам. «Былі моманты, калі я задумвалася: ці правільны выбар я зрабіла? Часам я сумняваюся ў ім, а часам – упэўнена на ўсе 100 працэнтаў, бо інакш і быць не магло (усміхаецца – заўв. аўтара)». Маці Ірыны – выкладчык музыкі, калі жанчына была цяжарнай, то часта выконвала творы класікаў, слухала добрую музыку. Такім чынам музыка атачала Ірыну яшчэ да нараджэння. А пайшоўшы ў дзіцячы садок, дзяўчынка ўжо сама была здольная найграць на фартэпіяна мелодыю з любімага мульціка… А далей былі вакальныя конкурсы. Раённыя, гарадскія, абласныя, рэспубліканскія… І паўсюль Ірына звяртала ўвагу на сябе і свой вакал. Так адбылося і з праектам тэлеканала АНТ «Акадэмія талентаў», у першым сезоне якога яна і прыняла ўдзел. Удзельнічаць у праекце дзяўчына не планавала, але парада мамы зрабіла сваю справу. Іра рашылася. «На кастынг пайшла з лепшай сяброўкай, але, убачыўшы даўжэзную чаргу з жадаючых, я некалькі разоў думала сысці. Аднак сяброўка ўгаварыла застацца, і я дачакалася сваёй чаргі. А праз месяц мне патэлефанавалі і сказалі, што я прайшла на тэлевізійны адбор. Я так узрадавалася, што спачатку не паверыла: думала, мяне разыгрываюць (усміхаецца – заўв. аўтара). На тэлевізійным адборы вельмі перажывала перад выступленнем. І нават не столькі за само выступленне (песня, з якой я ішла, мне вельмі падабалася ды й падрыхтавана была на дастаткова высокім узроўні), колькі за рэакцыю прадзюсараў». «Рэч у тым, што акадэмічны вакал – гэта не фармат, а паслухаўшы, як нядобра прадзюсары адгукаліся пра манеру выканання некаторых канкурсантаў, я і зусім пачала марыць толькі аб адным: дастойна адказаць на каверзныя пытанні і не ўдарыць тварам у бруд. Мае малітвы былі выслуханы – я прайшла ў наступны тур, а ўсе знаёмыя і сябры, якія бачылі выступленне на ТБ, хвалілі не столькі ўдалае выкананне складанага твору, колькі мой дыялог з прадзюсарамі (усміхаецца – заўв. аўтара). У выніку я дайшла да сярэдзіны праекта і ніколькі не шкадую пра свой удзел. Не ідзі я туды – шкадавала б, што ўпусціла шанец, а зараз вось разумею, што беларускі шоу-бізнес – гэта не маё, мне хапіла паўгады, каб зразумець гэта. Пры гэтым я па-ранейшаму люблю музыку і спевы». Пра веру і сцэну «Калі казаць пра артыстаў і веру, то мне здаецца, праблем з яе вызнаннем няма. Ва ўсялякім разе, я бачыла нямала беларускіх артыстаў, якія цалавалі нацельны крыжык або хрысціліся перад выступленнем. Тут усё залежыць ад чалавека: дастаткова ў яго смеласці і той самай веры, каб не саромецца яе прылюдна, ці не. Для мяне ўчыніць знак крыжа перад выступленнем – настолькі натуральна, што аднойчы, калі забылася гэта зрабіць, адчувала, быццам выйшла на сцэну, ні разу не адрэпеціраваўшы песню. Вера ў Бога пранізвае ўсе аспекты майго жыцця: ад чагосьці важнага і глабальнага да бытавых дробязяў. Быць прысутным на Імшы і прымаць Эўхарыстыю, маліцца аб здароўі сваёй сям’і або папрасіць, каб атрымаўся смачны суп (смяецца – заўв. аўтара) ды падзякаваць за тое, што паспела на апошні тралейбус, – гэта натуральны для мяне парадак рэчаў. Для мяне жыццё і вера – паняцці непадзельныя: жыццё – гэта вера, і вера ў Бога – гэта жыццё». Падрыхтаваў Ілья Лапато
|
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.