На кананізацыю Яна Паўла ІІ і Яна XXIII y Рым прыехалі некалькі соцень пілігрымаў з Беларусі. Яны падзяліліся думкамі і пачуццямі з нагоды гэтай падзеі.
“Рэдка такое адбываецца, каб прайшла кананізацыя адразу двух Пантыфікаў. Ахвяра была ў тым, што мы цэлую ноч стаялі на плошчы. Мы былі такія змучаныя, мала што разумелі, але стаялі і радаваліся. І мы сапраўды перажылі радасць, бліжэй падышлі да алтара, бачылі святароў і біскупаў і вельмі радаваліся. Нават адна з сясцёр з Польшчы сказала нам: якія ж вы шчаслівыя, што пабывалі тут у такі час. Бо мы былі ля магілы Яна Паўла ІІ. Гэтая падзея для нас вялікае шчасце”, - сказала верніца парафіі Св. Антонія ў Мінску Ганна Сёмчык.
Па словах Аліны Кандрацікоўскай з Мінска, Папа Ян Павел ІІ, хоць многія не сустракалі яго асабіста, для ўсіх асоба вельмі блізкая, і кожны з пілігрымаў, якія пабывалі на кананізацыі, вязе з сабой з Ватыкана пачуццё прысутнасці Яна Паўла ІІ у сваім жыцці. Па яе словах, адчуць еднасць з Паўсюдным Касцёлам, убачыць адрозненне паўсядзённага існавання ад адчування супольнасці, дзе ёсць сапраўдная ўсеабдымная любоў і ўзаемадапамога, незалежна ад узросту, статусу і краіны, нават у няпростых умовах чакання і мільённага натоўпу – тое, што стала адкрыццём для кожнага пілігрыма.
“Мы ўбачылі, наколькі глыбокая вера ў людзей. Мы ўбачылі гэта, калі сустракалі іх. Асабліва сем’і з дзецьмі - бачна няўзброеным вокам, як адрозніваюцца адносіны ў гэтых сем’ях, што рэлігія дае ласку кожнай сям’і, калі чалавек перажывае гэта глыбока. Столькі людзей было, так цесна, але ўсе дапамагаюць адзін аднаму: ваду прыносяць, саступаюць, прапускаюць; ціха і спакойна прайшло гэта мерапрыемства. Для таго, каб вось гэтыя добрыя рысы прачнуліся, трэба быць у такіх месцах. Каб для сябе нешта ўзяць, бо кожны ехаў са сваёй мэтай, але і зразумець, што тут можна ўзяць усё лепшае, што ёсць у людзях”, - прызналася Аліна Кандрацікоўская.
Вялікую ўдзячнасць пілігрымы з Беларусі выказалі і сваім суправаджаючым святарам, якія ні на хвіліну не пакідалі групы і прайшлі разам увесь шлях пілігрымкі. Для ксяндза Ірэнэуша Копача гэтае падарожжа было вельмі значным, асоба Яна Паўла ІІ адыграла ролю ў яго асабістым жыцці. У 1976 г. падчас набажэнства для студэнтаў, якое праводзіў тады яшчэ кардынал Караль Вайтыла, кс. Ірэнэуш Копач упершыню адчуў пакліканне да святарства. Потым ён часта сустракаў Пантыфіка на розных мерапрыемствах, нават цэлебраваў разам з ім Імшу, таму не мог не прыехаць на яго кананізацыю, падчас якой нават перажыў маленькі цуд праз заступніцтва Яна Паўла ІІ: знайшоўся яго згублены ў Рыме мабільны тэлефон, што было амаль немагчыма пры такім скапленні людзей.
“Кананізацыя – вельмі значная падзея, якую нам яшчэ трэба будзе асэнсаваць. Таксама прамова Папы Францішка падчас яе была вельмі простай, але глыбокай. Папа нагадаў, што трэба дакрануцца да ран Езуса Хрыста. Бо гэтыя два Пантыфікі сапраўды зрабілі гэта, і мы таксама зразумелі шлях свайго жыцця – трэба дакрануцца да ран Езуса Хрыста, і для нас гэта таксама было адкрыццём”, - адзначыў святар.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|