Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рэжысёр Юрый Гарулёў: «Я змог зняць самыя каштоўныя кадры, а галоўнае – буйныя планы Святога Айца» |
Беларусь |
06.05.2014 14:15 |
Рэдакцыя Catholic.by працягвае цыкл артыкулаў-успамінаў пра св. Яна Паўла ІІ. Гэтым разам сваімі ўспамінамі ад сустрэчы з Пантыфікам дзеліцца Юрый Гарулёў, рэжысёр і старшыня фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Магніфікат».
...Канешне, няма чалавека, які б не ведаў Папу Рымскага Яна Паўла ІІ. Няма чалавека, які б не бачыў яго ў дакументальных праграмах тэлебачання, у дакументальных фільмах. Я шчаслівы чалавек − я бачыў Яна Паўла ІІ рэальна, як кажуць, ужывую, і нават некалькі разоў. Гэта незабыўныя ўражанні. «Праз тэлеаб’ектыў я бачыў Пантыфіка так блізка, быццам бы ён быў побач» Упершыню я ўбачыў яго ў Варшаве ў чэрвені 1999 года, калі здымачная група «Беларусьфільма» прысутнічала на святой Імшы, падчас якой Папа беатыфікаваў 108 польскіх мучанікаў. Сярод іх былі і 11 назарэтанак з Навагрудка, загінулых падчас Другой сусветнай вайны. Мы здымалі тады дакументальны фільм, прысвечаны міленіуму, які набліжаўся, 2000-му году − юбілею хрысціянства. Гэта было грандыёзнае відовішча. На плошчы Перамогі, побач з магілай невядомага салдата, дзе павінна была адбыцца Імша, вырас вялізны алтар з крыжом. А побач з плошчай для гледачоў з вялікай колькасцю лавак быў пабудаваны адмысловы, таксама вялізны, практыкабль для здымаючых журналістаў, фатографаў і аператараў. Іх было некалькі соцен. Наша кропка здымкі была дастаткова далёка, аднак з дапамогай тэлеаб’ектыва я бачыў Пантыфіка так блізка, быццам бы ён быў побач. Да сённяшняй пары я захоўваю адну з самых дарагіх сваіх «рэліквій» – акрэдытацыйную карту на гэтае і іншыя мерапрыемствы з удзелам Папы Яна Паўла ІІ у той прыезд. «Кадры са Святым Айцом захоўваюцца ў маім архіве як асабліва важныя» У лістападзе 2001 года ў Рыме праходзіў аб’яднаўчы кангрэс дзвюх каталіцкіх структур мас-медыя, дзе была створана Сусветная Асацыяцыя для камунікацый SIGNIS-WORLD. Разам з законнікамі-вербістамі – а. Янам Глінкам SVD і бр. Корнэлем Консэкам SVD — я быў дэлегатам гэтага кангрэса. Напачатку мы прысутнічалі на аўдыенцыі з Папам, якая праходзіла ў закрытай зале з прысутнасцю розных груп пілігрымаў з усяго свету. Быў вялікі ажыятаж, не апісаць захапленне залы, калі з’явіўся Папа. Апладысменты, воклічы не змаўкалі падчас яго праезду па зале і пасля завяршэння яго прамовы. Папа называў кожную групу пілігрымаў, і гэта выклікала асаблівае захапленне залы. Я ўпершыню такое бачыў і перажыў асаблівыя пачуцці. Праз дзень Пантыфік сустракаўся з дэлегатамі кангрэса непасрэдна ў адной з залаў Ватыкана, прымаючы толькі нашы групы. У той дзень са мной адбыўся невялікі канфуз, які на шчасце вырашыўся на месцы. Утраіх з братамі вербістамі мы вырашылі загадзя схадзіць у святыню св. Пятра. Я быў упершыню ў Рыме і ўпершыню ў Ватыкане, я бачыў цалкам незнаёмае для мяне жыццё Вялікага горада, і я не мог не здымаць. А калі мы зайшлі ў святыню, я быў проста ўзрушаны – не апускаў камеру і, вядома, я згубіўся. І тут да мяне падышлі карабінеры і сталі штосьці казаць па-італьянску. Натуральна, я нічога не разумеў і спрабаваў штосьці сказаць па-англійску. Але мая англійская была ім незразумелая. Адзінае, што я зразумеў, — што мяне запрашаюць кудысьці ў аддзяленне... Мяне выратавалі мае сябры, якія, на шчасце, апынуліся побач. Брат Корнэль доўгі час працаваў у Італіі і цудоўна ведаў мову. З яго размовы я зразумеў толькі словы «SIGNIS», «візіт», «Папа Рымскі»... Высветлілася, што ў касцёле без адмысловага дазволу нельга праводзіць прафесійныя здымкі, а ў мяне ў руках была прафесійная камера. Але калі карабінеры пачулі, з якой нагоды мы ў Ватыкане, яны змянілі сваё стаўленне да мяне і проста зрабілі папярэджанне. Праз гадзіну мы ўжо падымаліся па ходніках у залу, дзе павінна была адбыцца сустрэча з Папам. Тут я не мог не праявіць журналісцкага спрыту. Першы шэраг быў заняты кіраўніцтвам Кангрэса, але я прыціснуўся да сцяны і змог зняць самыя каштоўныя кадры, а галоўнае – змог здымаць буйныя планы Святога Айца. Матэрыялы гэтай здымкі захоўваюцца ў маім архіве пад грыфам асаблівай важнасці. Сапраўды, матэрыялы бясцэнныя. Пантыфік і каштоўны фотаздымак з ім І яшчэ праз год мне ўдалося пабачыць Пантыфіка ў Рыме побач з сабой. У той паездцы са мной быў брат Корнэль. Спачатку ў Трэнта, а пасля і ў Рыме, дзе праходзіў кінафестываль «Рэлігія сёння». У конкурсе ўдзельнічаў мой фільм «Вытокі». А дні праз два, таксама ў Рыме, праходзіў кангрэс SIGNIS-Еўропа, дзе мы прадстаўлялі Беларусь. У адзін з вольных дзён вербісты прапанавалі нам запрашэнні на аўдыенцыю з Папам, якая праходзіла на перапоўненай плошчы святога Пятра. Гэта, як заўсёды, было выдатна! Ёсць традыцыя, калі Папа праязджае на папамабілі па ўсіх праходах паміж удзельнікамі аўдыенцыі. Я прыціснуўся да бар’ера і зняў гэты праезд непасрэдна каля сябе. Аўтамабіль ехаў вельмі павольна, яго суправаджала ахова і вялікая група фотакарэспандэнтаў, якія без перапынку націскалі затворы фотакамер. Як пасля высветлілася, у Ватыкане ёсць адмысловае бюро, дзе можна паглядзець кантрольныя здымкі і замовіць для сябе тое, што табе падабаецца. Калі плошча апусцела, брат Корнэль павёў мяне ў гэтае бюро. На сталах была раскладзена вялізная лента фотаздымкаў, дзе быў зняты рух аўтамабіля Папы амаль на кожным метры. І на маю радасць (яе было не апісаць) я ўбачыў кадр, дзе на самым краі фотаздымка, прыціснуўшыся да відэакамеры, стаяў я! Я запісаў нумар кадра і замовіў здымак. Нас папрасілі прыйсці праз паўтары гадзіны. Гэта былі радасныя паўтары гадзіны чакання з прагулкай па турыстычным Ватыкане. Але калі мы прыйшлі ў бюро зноў, майму расчараванню не было мяжы: на фота злева з’явілася выява ахоўніка, а мяне, крайняга справа, пры друку «зрэзалі». Брат Корнэль убачыў мой твар і стаў тлумачыць сітуацыю супрацоўніку бюро, які нас абслугоўваў. Мы зноў падышлі да ленты, паказалі «наш» кадр. Супрацоўнік выбачыўся і папрасіў прыйсці праз 30 хвілін. Гэтыя 30 хвілін былі для мяне трывожнымі. Але фота атрымалася! Праўда, там я зусім на краі і без мяне на гэты здымак асабліва ніхто не звяртае ўвагі. А сваім сябрам я з гонарам паказваю: «А вось гэтага чалавека пазнаеце?» Пазнаюць усе!! (усміхаецца – заўв. аўт.) Кожная сустрэча з Вялікім Папам памятаецца да драбніцы. Мінаюць гады, памяць становіцца іншай, але тыя ўспаміны застаюцца ўва мне назаўсёды. Юрый Гарулёў, рэжысёр Апрацаваў І. Лапато PS. Рэдакцыя Catholic.by распачынае цыкл артыкулаў-успамінаў пра Папу Яна Паўла ІІ. Калі ў вас таксама ёсць успаміны-сведчанні пра Папу, якімі вы хацелі б падзяліцца, калі ласка, пішыце нам на e-mail:
Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript
(тэма ліста -- маё сведчанне пра Яна Паўла ІІ). Вялікі дзякуй! Да тэмы: |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.