Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У маі распачынаюцца ўрачыстасці да 100-годдзя спачылага кардынала Казіміра Свёнтка
Беларусь
07.05.2014 09:25

Ужо ў маі ў Беларусі распачынаюцца ўрачыстасці з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка. Успамінаць легендарнага чалавека, першага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага і першага кардынала ў Беларусі будуць па ўсёй краіне.Але галоўныя мерапрыемствы пройдуць у Пінскай дыяцэзіі, служэнню якой іерарх прысвяціў усё сваё жыццё.

Эстафету памяці распачне горад Баранавічы, у якім прайшлі яго маладыя гады, падзяліўся Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. «З гэтым горадам звязана маладосць кардынала, тут ён хадзіў у гімназію, атрымаў сакрамэнт бежмавання з рук першага біскупа Пінскага Зігмунда Лазінскага, якому ён прыпісвае сваё пакліканне да святарства. Святкаванне 100-годдзя кардынала адбудзецца таксама ў Брэсце. Вядома, што першыя папскія кароны на беларускія абразы ўсклаў кардынал Казімір Свёнтэк, і першым быў каранаваны абраз Берасцейскай Маці Божай», — сказаў у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё пастыр Пінскай дыяцэзіі.

Урачыстасці ў Брэсце адбудуцца 28 чэрвеня 2014 г., у гэты дзень на беларуска-польскай мяжы будуць сустракаць і крыж Сусветных дзён моладзі як сімвал веры. Для Беларусі ж сімвалам непахіснай веры да гэтага часу з’яўляецца кардынал Казімір Свёнтэк. Ён нарадзіўся ў 1914 г. і сутыкнуўся з выпрабаваннямі яшчэ ў маленстве — сям’я была саслана ў Сібір. Кардынал Свёнтэк яшчэ не раз аказваўся асуджаным — спачатку на смерць, а потым на 10 гадоў катаргі ГУЛАГу. Аднак заўсёды заставаўся верным Хрысту і Касцёлу.

Аднаўленне Пінскай катэдры і дзейнасці Пінскай духоўнай семінарыі ў постсавецкі час — усё гэта плёны працы кардынала Казіміра Свёнтэка, паведаміў Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. «Для Пінска кардынал Казімір Свёнтэк — гэта ўвогуле сімвал каталіцызма, трывання падчас ночы атэізму і адраджэння. Каля 80% адноўленых касцёлаў, а ў Гомельскай вобласці ўсе 100% касцёлаў і парафій, прыходзіцца менавіта на гады служэння іерарха ў Пінскім касцёле», — адзначыў ён.
Пачаўшы біскупскае служэнне ў 77 гадоў, Казімір Свёнтэк паспеў зрабіць шмат: аднаўленне структур Касцёла, абарона правоў вернікаў, прадстаўніцтва Каталіцкага Касцёла Беларусі на міжнародным узроўні. За мужнасць, ахвярнасць і пастырскі талент Папа Ян Павел ІІ уручыў кардыналу Свёнтку ўзнагароду «Сведка веры».

4-5 верасня ў Баранавічах пройдзе св. Імша падзякі за яго самаадданае служэнне, на якую запрошаны біскупы з Прыбалтыкі і Польшчы. Цікава, што многія з іх асабіста і добра ведалі беларускага кардынала. 6 верасня яго асобу і служэнне будуць узгадваць у Гомелі. Урачыстасці з нагоды юбілея працягнуцца да глыбокай восені — у Пінскай катэдры ўжо 26 кастрычніка збяруцца духавенства, манаскія асобы і вернікі з усёй Беларусі, каб ушанаваць светлую памяць кардынала. Ён 3 гады таму адышоў у вечнасць, але да гэтага часу як быццам побач.

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.