Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Экспазіцыю пра кс. Юзафа Бульку плануецца стварыць у музеі Мосара
Беларусь
08.05.2014 11:32
Экспазіцыю, прысвечаную ксяндзу Ёзасу Бульку, плануюць стварыць у музеі вёскі Мосар (Глыбоцкі раён) да 500-годдзя населенага пункта. Паведамляе БЕЛТА.

«Дзякуючы асабістай ініцыятыве ксяндза ў Мосары быў створаны філіял нашага музея. Тут сабраныя старыя рэчы, якімі некалі карысталіся мясцовыя жыхары (усе экспанаты з Мосара і яго ваколіц). Да юбілейнай даты музей плануецца дапоўніць інфармацыяй аб Юзафе Бульку, які ўдыхнуў новае жыццё ў населены пункт і разам з мясцовымі жыхарамі стварыў тут культурна-дэндралагічны комплекс, які штогод наведвае вялікая колькасць беларускіх і замежных турыстаў», — распавяла дырэктар музея.

Юбілейныя ўрачыстасці пройдуць у Мосары ў жніўні. Да гэтага часу тут запланавана правесці комплекс мерапрыемстваў па рамонце, рэканструкцыі і добраўпарадкаванні: будзе створана сістэма паліву, устаноўлены каруселі, арэлі і горкі для дзяцей, ачышчаны штучныя вадаёмы, адрамантаваны тратуарныя дарожкі і пракладзены новыя, адрамантаваны дах у адміністрацыйным будынку і будынку музея, праведзена афарбоўка скульптурных кампазіцый, рэстаўрацыя капліц, абнаўленне абразоў, рамонт і замена альтанак, рамонт калодзежаў крыніц і маста праз штучны вадаём, праведзена азеляненне з высадкай вялікай колькасці дрэў і кустоў, разбіўкай новых кветнікаў.

Упершыню ў дакументах Мосар згадваецца пад 1514 годам. За час свайго існавання вёска змяніла шмат гаспадароў: Зяновічы, Пацы, Долмат-Ісакоўскія, Млечкі і нават стрыечны брат кіраўніка Польскай дзяржавы Юзафа Пілсудскага Калікст. Але найбольшы след у гісторыі вёскі пакінуў графскі род Бжастоўскіх, у прыватнасці Ганна і Роберт Бжастоўскія. Менавіта яны ў канцы ХVIII стагоддзя пабудавалі тут палац і касцёл. Палац, у якім гасцявалі нават каралі Рэчы Паспалітай, быў знішчаны падчас грамадзянскай вайны. Касцёл св. Ганны захаваўся да нашых дзён.

Стварэнне культурна-дэндралагічнага комплексу пачалося ў 1989 годзе з прыездам у Мосар ксяндза Юзафа Булькі. Тут высаджана вялізная колькасць кветак (ёсць нават лотасы), дрэў і кустоў розных відаў, створаны скульптурныя кампазіцыі рэлігійнай скіраванасці, штучны вадаём, усталяваны самы высокі ў Беларусі каталіцкі крыж, створаны антыалкагольны музей і алея цвярозасці.

За сваю дзейнасць Юзаф Булька атрымаў прэмію «За духоўнае адраджэнне», узнагароджаны медалём Францішка Скарыны, граматай «За асабісты ўклад у развіццё турызму ў Рэспубліцы Беларусь», атрымаў апостальскае благаслаўленне ад Папы Рымскага. Памёр святар у 2010 годзе.

Паводле belta.by, (AYU)
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.