15 мая ў мінскім касцёле Св. Сымона і св. Алены адбылося першае пасяджэнне пастулатарскай камісіі ў справе беатыфікацыі фундатара Чырвонага касцёла — Эдварда Вайніловіча, які пабудаваў гэтую святыню ў знак памяці аб сваіх рана памерлых дзецях.
На пасяджэнні прысутнічалі прадстаўнікі Апостальскай Сталіцы з Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, рэферэнт па Кананізацыйных справах Кракаўскай архідыяцэзіі, гісторыкі з Беларусі і Вільні, святары, прадстаўнікі Беларускага радыё, тэлебачання, журналісты.
З прывітальным словам да ўсіх прысутных звярнуўся Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які акрэсліў тэму, мэты і задачы гэтага важнага сходу законных і свецкіх асобаў. «Нядаўна, 27 красавіка, у Рыме адбылася кананізацыя Папаў Яна XXIII і Яна Паўла ІІ, які вельмі хацеў прыехаць у Беларусь, але ведаем, што не змог, - сказаў Мітрапаліт. — Cёння ён, як святы, сваім духам знаходзіцца сярод нас. Гэта была вельмі вялікая падзея для паўсюднага Касцёла". Іерарх распавёў прысутным, што і ў Мінску адбываецца шмат падзей: Чэмпіянат свету па хакеі, "які, напэўна, таксама прыцягвае ўвагу людзей са шматлікіх краін", а 2-6 чэрвеня ў сталіцы пройдзе 4-ты Праваслаўна-каталіцкі форум, які "займаецца праблемай маральнасці ў нашым свеце". Арцыпастыр адзначыў, што такія сустрэчы, як гэты форум, адбываюцца па чарзе ў краіне, дзе больш католікаў, а потым - праваслаўных. Першая адбылася ў 2008 годзе ў Таронта, другая — у 2010 годзе на востраве Родас, трэцяя ў Лісабоне ў Партугаліі ў 2013 годзе. Наконт таго, што сёлета форум пройдзе ў Мінску, Мітрапаліт сказаў: "Гэта таксама вялікі гонар, гэта таксама прызнанне таго, што адносіны паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой развіваюцца нармальна, і гэта пацвердзіў нядаўна новы Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел". Арцыпастыр паведаміў, што ў Мінску чакаюцца кардыналы, каля дзесяці біскупаў і прыкладна столькі ж - з праваслаўнага боку, дадаў, што медыя ўжо назвалі гэтую сустрэчу «Малым Сусветным Саборам».
"Сённяшняя падзея прысвечана чалавеку, імя якога ўвайшло ў гісторыю не толькі Мінска і Беларусі, але таксама і іншых краін свету. Яго імя — Эдвард Вайніловіч. Некалькі гадоў таму мы адзначалі стагоддзе гэтага вельмі прыгожага касцёла, які з’яўляецца візітнай карткай Мінска", - нагадаў арцыбіскуп, дадаўшы, што ў лагатыпе форума, які адбудзецца, змешчаны дзве праваслаўныя царквы і два каталіцкія касцёлы, сярод іх — архікатэдра і Чырвоны касцёл, што, па словах Мітрапаліта, "таксама вельмі важна, бо Эдвард Вайніловіч будзе сваім духам прысутнічаць на гэтым форуме".
Іерарх заўважыў, што "не было б гэтага касцёла, калі б не было Вайніловіча, бо менавіта ён быў яго фундатарам", узгадаў і пра тое, што Эдвард Вайніловіч "вядомы як чалавек, які вельмі моцна клапаціўся пра сваю сям’ю, пра хрысціянскае выхаванне дзяцей, быў грамадскім дзеячом, многа працаваў для распаўсюджвання ў грамадстве сацыяльнага вучэння Касцёла, якое толькі яшчэ распачыналася ў тыя часы". "Выслухаўшы меркаванні людзей, якія добра ведаюць і гісторыю яго жыцця, а таксама правёўшы кансультацыі з прадстаўнікамі Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, мы прыйшлі да высновы, што прыйшоў час распачынаць беатыфікацыйны працэс", - падвёў выснову арцыпастыр. "Сённяшняе пасяджэнне — не распачацце гэтага працэсу. Гэта яшчэ першы крок, неафіцыйны, але ўжо крок, каб падысці да гэтага працэсу", - адзначыў Мітрапаліт. Далей, як дадаў арцыпастыр, неабходна атрымаць дазвол Ватыкана; будзе падрыхтавана спецыяльная малітва аб беатыфікацыі; патрэбны і цуд для беатыфікацыі. Іерарх падзякаваў кансультантам, якія прыбылі на гэтую сустрэчу. Мітрапаліт адзначыў таксама важнасць дапамогі гісторыкаў, якія будуць вывучаць матэрыялы, што засталіся пасля Эдварда Вайніловіча; будзе трэба правесці таксама ацэнку гэтых дакументаў, потым яны будуць перададзены ў Ватыкан.
Пробашч касцёла Св. Сымона і св. Алены кандыдат гістарычных навук кс. Уладзіслаў Завальнюк распавёў пра асобу Эдварда Вайніловіча як знакамітага грамадскага дзеяча, цудоўнага сем’яніна і сапраўднага мужчыну — прыклад для сучаснага пакалення, пазнаёміў прысутных з матэрыяламі, якія ўжо на працягу 8 год збіраюцца для распачацця інфармацыйнага працэсу ў справе яго беатыфікацыі. Па словах святара, дзякуючы падтрымцы і благаслаўленню кардынала Казіміра Свёнтка парэшткі Эдварда Вайніловіча ў чэрвені 2006 года былі перавезены з Польшчы і перазахаваны каля Чырвонага касцёла, бо менавіта такім было жаданне фундатара святыні – ён хацеў спачываць на роднай зямлі. Разам з замежнымі гасцямі кс. Уладзіслаў Звальнюк 12-14 мая 2014 г. наведаў Клецк, Слуцк, Копыль, Нясвіж, Савічы, Макраны, Раёўку – месцы, дзе жыў і дзейнічаў Эдвард Вайніловіч.
Доктар гістарычных навук прафесар Адам Мальдзіс прадставіў прысутным свой артыкул «Эдвард Вайніловіч — узор служэння Богу і людзям», які з цягам часу, па яго словах, можа ператварыцца ў манаграфію і стаць матэрыялам, на падставе якога пастулатарская камісія будзе рабіць высновы.
Кінарэжысёр і пісьменнік Уладзімір Арлоў прапанаваў да прагляду створаны ім дакументальны фільм «Стагоддзе з бясконцым працягам» пра складаны лёс Эдварда Вайніловіча, гісторыю Чырвонага касцёла і ўсёй Беларусі ў ХХ-ХХІ стст. Гэты фільм yдзельнікі пасяджэння змаглі паглядзець y ніжнім касцёле.
Супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук, доктар гістарычных навук акадэмік Міхаіл Касцюк, што прадстаўляў на пасяджэнні Міжнародную асацыяцыю беларусістаў, якая, займаючыся шырокім колам пытанняў, вельмі станоўча ставіцца да таго намеру, які абмяркоўваўся на сустрэчы, акрэсліў гістарычную значнасць постаці Эдварда Вайніловіча, а менавіта падтрыманне ім стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі ў сакавіку 1918 года ва ўмовах нямецка-кайзераўскай акупацыі. Больш таго, у яго доме ў Слуцку, як сведчыць гістарычная літаратура, 14-15 лістапада 1920 г. праходзіў Беларускі з’езд Случчыны, які меў вельмі важнае значэнне ў гісторыі нашай краіны.
Выпускніца еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта магістр гісторыі Марына Далідовіч, якая цяпер жыве і працуе ў Вільні, падзялілася скарочаным зместам сваёй магістарскай працы на тэму «Інтэрпрэтацыя гісторыка-культурнай спадчыны Эдварда Вайніловіча». Напрыканцы Мітрапаліт выказаў пажаданне аб стварэнні дружнай каманды, якая б дзейнічала як зладжаны аркестр, і благаславіў пастулатарскую камісію на плённую далейшую працу.
Наталля Лаўрэнка, сакратар пастулатарскай камісіі, інфармацыйны каардынатар
|