Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Антоні Дзям’янка прыняў удзел у інгрэсе новага ардынарыя ў Луцку ва Украіне
Беларусь
19.05.2014 11:54

17 мая ў Луцку на Украіне адбыўся інгрэс новага ардынарыя ў катэдральным касцёле св. Апосталаў Пятра і Паўла. Новым ардынарыем стаў прызначаны біскуп Віталій Скамароўскі, які да гэтага з’яўляўся дапаможным біскупам Кіеўска-Жытомірскай дыяцэзіі.

Каталіцкі Касцёл у Беларусі прадстаўляў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, які перадаў новаму ардынарыю братняга народа салідарнасць Касцёла ў Беларусі з украінскім народам у гэтых асабліва складаных у палітычным плане днях. Таксама ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі іерарх склаў новаму ардынарыю самыя сардэчныя пажаданні.

У гаміліі біскуп Скамароўскі нагадаў, што Божы Провід вядзе нас па дарогах жыцця, і прызнаўся, што як пастыр Луцкай дыяцэзіі прагне разам з вернікамі «ўслухвацца ў голас Святога Духа і абвяшчаць ім Божае слова».

Біскуп Віталій Скамароўскі нарадзіўся 30 снежня 1963 года ў Бердычове. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 27 мая 1990 года, а біскупскую сакру — 7 чэрвеня 2003 года з рук кардынала Мар’яна Яворскага. Папа Францішак прызначыў яго дыяцэзіяльным біскупам у Луцку 12 красавіка.


JM, AYU

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.