Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У выніку IV Еўрапейскага Каталіцка-Праваслаўнага Форума прыняты зварот
Беларусь
05.06.2014 18:10

IV Еўрапейскі Каталіцка-Праваслаўны Форум у Мінску 5 чэрвеня завяршыў свае працоўныя пасяджэнні. Пасля выступленняў удзельнікаў, абмеркавання і ўсебаковага разгляду праблем Форум прыняў зварот.

Форум быў арганізаваны пры падтрымцы Беларускага Экзархату, яго сустаршынямі сталі кардынал Петэр Эрдзё, старшыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы, арцыбіскуп Эстэргомскі і Будапешцкі, і Мітрапаліт Сасімскі Генадзіус, які прадстаўляе Канстанцінопальскі Патрыярхат. Пасля станоўчага вопыту першых трох сустрэч Еўрапейскага Каталіцка-Праваслаўнага Форума (2008 г. – Трэнт, Італія, 2010 г. – Радос, Грэцыя, 2012 г. – Лісабон, Партугалія) удзельнікі, якія прадстаўляюць Каталіцкі Касцёл і Праваслаўныя Цэрквы Еўропы, абмеркавалі праблемы, якія стаяць перад еўрапейскім хрысціянствам у культурным асяроддзі, якое палярызуецца.

Удзельнікі Форума выказваюць падзяку Беларускаму Экзархату Рускай Праваслаўнай Царквы і каталіцкай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, ураду Беларусі і мясцовым органам улады за аказаную гасціннасць і выдатны ўзровень арганізацыі Форума.

У звароце, прынятым Форумам, адзначаецца, між іншым, што яго тэма “была абрана ў адказ на просьбы, якія паступаюць ад нашых супольнасцяў, што цесна сутыкаюцца з наступствамі культурных і маральных зменаў, якія адбываюцца ў Еўропе”. “На працягу апошніх дваццаці гадоў працэс глабалізацыі ў сусветным маштабе, а таксама секулярызацыя еўрапейскага заканадаўства, закранаючага праблемы маралі, ставяць перад намі пытанні, якія патрабуюць сумеснага пошуку адказаў, - гаворыцца ў дакуменце. – Нашу растучую заклапочанасць выклікае і той факт, што працэс адчужэння паміж Еўропай і яе хрысціянскімі каранямі, відаць, паскараецца”.

“Наш зварот – гэта, перш за ўсё, знак радасці і надзеі для ўсіх, хто мае дачыненне да ажыццяўлення місіі Касцёла. Мы падзяляем умовы жыцця ўсіх еўрапейцаў у сітуацыі эканамічнага і культурнага крызісу, і мы ведаем, што многія з іх адчуваюць пакуты і шукаюць слова, якое надало б сэнс іх жыццю, - адзначаюць удзельнікі Форума. – Касцёл прапануе вечныя каштоўнасці, аб’ядноўваючы чалавецтва ў Хрысце, крыніцы ўсіх сапраўдных каштоўнасцяў”.

“Мы падкрэсліваем, што хрысціянская вера гарантуе, а не абмяжоўвае нашы пошукі свабоды і шчасця. Хрысціянская вера азначае поўнае прыняцце Езуса Хрыста, які прысутнічае ў Яго Касцёле Духам Святым. Вера ў Хрыста не адмяняе разнастайнасці чалавецтва. Яна ўзбагачае і садзейнічае развіццю элементаў праўды і дабра, якія ўжо маюцца ў чалавечых культурах”, - дадаецца ў звароце. “Нашы хрысціянскія Цэрквы Усходу і Захаду не баяцца культурнай разнастайнасці, - гаворыцца ў дакуменце. – Хрысціянства абвяшчае Евангелле Хрыста ў шматстайнасці чалавечых культур”.

“Свабода веравызнання з’яўляецца важнейшым элeментам хрысціянскай веры. Для нас свабода веравызнання азначае свабоду пошуку праўды і прыхільнасці ёй”, - падкрэсліваецца ў звароце.

“Сённяшні разрыў паміж хрысціянствам і пераважаючым накірункам думкі мае сур’ёзныя наступствы для будучыні еўрапейскіх інстытутаў і жыцця ў Еўропе. Сёння ў многіх еўрапейцаў больш няма стабільных арыенціраў для фарміравання ўласных маральных паводзінаў і поглядаў адносна таго, што добра і што дрэнна, таму што яны жывуць, падначальваючыся волі свайго “суверэннага аўтаномнага Я”, - адзначаюць удзельнікі Форума. – Мы заклікаем еўрапейцаў прызнаць, што ключом да праўды з’яўляецца прыняцце таго факту, што мы належым Богу, а не распараджаемся ўсім па ўласным разглядзе, як калі б мы былі ўласнымі стваральнікамі”.

“Як пастыры, мы хочам працягваць несці лепшае з нашага маральнага вучэння нашым парафіянам, а як грамадзяне – даносіць гэта да нашых урадаў і інстытутаў Еўрапейскага саюза. Мы ўпэўнены, што хрысціянскія супольнасці могуць сведчыць пра тое, што з’яўляецца дабром для ўсіх, паколькі яны чэрпаюць сваё натхненне з Евангелля Хрыста”, - гаворыцца ў звароце.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.