Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дэлегаты ІV Каталіцка-Праваслаўнага Форума наведалі мінскую парафію Найсвяцейшай Тройцы
Беларусь
07.06.2014 16:02

5 чэрвеня ў мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы на вячэрняй Імшы разам з вернікамі маліліся дэлегаты ІV Еўрапейскага Каталіцка-Праваслаўнага Форума, праца якога ў гэты дзень завяршылася ў Мінску. Імшу ўзначаліў арцыбіскуп Дзіжонскі (Францыя) Раланд Міннерат, у малітве ўдзельнічалі а. Іакінф Дэстывэль ОР (Папская рада спрыяння хрысціянскаму адзінству) і прэс-сакратар Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы Цьеры Бонавэнтура.

Разам з гасцямі маліліся пробашч парафіі кс. Юрый Санько, кс. Алег Грыгаровіч і а. Андрэй Букштан.

У гаміліі арцыбіскуп Раланд Міннерат засяродзіў увагу на малітве Хрыста аб адзінстве. Па словах іерарха, добра вядома, як нялёгка захаваць адзінства паміж людзьмі. Але хрысціяне, дадаў арцыбіскуп, шчаслівыя, бо належаць да Касцёла, які пабудаваны на Хрысце і да якога належаць усе народы са сваім гістарычным, духоўным багаццем. Французскі іерарх дадаў, што трэба прыкласці шмат намаганняў, каб захаваць гэтае адзінства, пераадольваючы ўсе цяжкасці і складанасці на гэтым шляху.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што ў гэты час святкуецца гадавіна заканчэння ІІ Сусветнай вайны, і нагадаў пра цярпенне, якое зведаў народ Беларусі. Іерарх заахвоціў вернікаў заўсёды будаваць сваё жыццё на Хрысце, які з’яўляецца крыніцай сапраўднага супакою.

Пасля святой Імшы паважаных гасцей павіншавала моладзь. Ад імя парафіі ім уручылі маленькія памятныя падарункі.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.