Касцёл атрымаў трох новых палатынцаў-беларусаў |
Беларусь |
16.06.2014 11:57 |
Касцёл атрымаў трох новых беларускіх святароў, якія належаць да супольнасці палатынцаў: кс. Дзяніса Крываносава SAC і кс. Юзафа Парфяновіча SAC, якія паходзяць з Талачына, кс. Яўгенія Эйсманта SAC, які паходзіць з Воранава. Прэзбітэрскае пасвячэнне яны прынялі сярод 8 палатынцаў 10 мая ў Олтажаве (Польшча) з рук Апостальскага Нунцыя ў Польшчы арцыбіскупа Чэлесціно Мільёрэ. Першую Імшу новапрэзбітэры канцэлебравалі 11 мая ў парафіяльна-семінарыйным касцёле Каралевы Апосталаў у Олтажаве. Пасля згодна з традыцыяй маладыя святары адправілі прыміцыйную Імшу ў Чэнстахове ў капліцы Маці Божай Чэнстахоўскай і ў дамах навіцыяту ў Вадавіцах і Замбкавіцах. Адбыліся таксама прыміцыі ў Беларусі. 25 мая Імшу ў сваёй роднай парафіі Святых апосталаў Сымона і Юды Тадевуша ў Воранаве цэлебраваў і ўдзяліў вернікам прыміцыйнае благаслаўленне кс. Яўгеній Эйсмант SAC. 1 чэрвеня кс. Дзяніс Крываносаў SAC і кс. Юзаф Парфяновіч SAC канцэлебравалі прыміцыйную Імшу і ўдзялілі вернікам прыміцыйнае благаслаўленне ў сваёй роднай парафіі Святога Антонія ў Талачыне. (AG) |
Фотарэпартаж |