Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Як Папа Рымскі Ян Павел ІІ вучыўся гаварыць па-беларуску і хто яму дапамагаў з перакладамі? |
Беларусь |
29.06.2014 17:30 |
Амерыканец, праваслаўны беларус і журналістка з савецкім пашпартам – гэтыя людзі былі сярод тых, хто перакладаў тэксты прамоваў для Яна Паўла ІІ на беларускую мову. А як жа выглядалі заняткі Папы Рымскага па беларускай мове?
За два тысячагоддзі хрысціянства першым Пантыфікам, з вуснаў якога прагучалі словы на беларускай мове, стаў нядаўна абвешчаны святым Ян Павел ІІ. Гістарычная падзея для беларусаў адбылася на Каляды 1978 года, калі Беларусь яшчэ была ў складзе Савецкага Саюза. Папа-славянін Ян Павел ІІ літаральна праз некалькі месяцаў пасля выбрання на кіраўніка Касцёла павіншаваў каталіцкіх вернікаў з Божым нараджэннем на 24 мовах. Сярод іх была і беларуская. «Дарагія беларусы! Вясёлых калядных святаў», -- упершыню ў гісторыі галава Касцёла гаварыў па-беларуску. Гэтак упершыню беларуская мова прагучала ў дамах хрысціянаў па ўсім свеце – зычэнні Пантыфіка транслявала Ватыканскае радыё. Па-беларуску да беларускага біскупа З гэтай пары Ян Павел ІІ заўсёды віншаваў каталіцкіх вернікаў з Калядамі і Уваскрасеннем Хрыстовым па-беларуску. Прамаўляў Пантыфік на нашай мове і падчас іншых падзеяў. Гэтак у 1989 годзе, высвячаючы на біскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў базыліцы св. Пятра ў Ватыкане, Папа Рымскі падкрэсліў: «Вялікаю з'яўляецца мая радасць магчы надзяліць поўню Святарства дарагому монсіньёру Тадэвушу Кандрусевічу, якога я назначыў Апостальскім Адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для католікаў усёй Беларусі. Жадаю яму з бацькоўскай любоўю поспехаў у вядзенні душпастырскай працы на гэтай прасторнай тэрыторыі ды, у той самы час, упрошваю Божага блаславення яму і ўсім вернікам, давераным яго душпастырскай апецы». Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў, што тады беларускамоўная прамова Яна Паўла ІІ у самай галоўнай каталіцкай святыні сталася для яго поўнай нечаканасцю: «Гэта была неспадзяваная справа для мяне. Я быў вельмі здзіўлены і прыемна ўражаны. Цяжка знайсці чалавека ў свеце, які б меў большы аўтарытэт, чым Папа Рымскі. Каталіцкі Касцёл – гэта найбольшая рэлігійная арганізацыя ў свеце. Калі Папа Рымскі заўважае [мову – заўв. аўт.], гэта значыцца, ён заўважае і Касцёл у той краіне, салідарызуецца з усім народам, культурай», -- падзяліўся іерарх. Зайшоў у рэдакцыю і... стаў перакладчыкам для Папы Хто ж дапамагаў Папе з беларускай мовай? Гэтыя словы для Папы перакладаў кіраўнік Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі айцец Аляксандр Надсан. «У той час я быў у Рыме і зайшоў у беларускую рэдакцыю Ватыканскага радыё. Там мне далі перакласці на беларускую мову выказванне Яна Паўла ІІ, з якім ён меў звярнуцца да біскупа Кандрусевіча. Я акуратна выпісаў для Папы пераклад польскімі літарамі, каб яму лягчэй было прачытаць ды яшчэ расставіў націскі», – узгадаў айцец Аляксандр. Паводле святара, Ян Павел ІІ адмыслова хацеў звярнуцца да першага за 60 гадоў беларускага іерарха на беларускай мове: «Папа такім чынам падкрэсліў, на якой мове біскуп павінен весці служэнне і працаваць з вернікамі». Беларускае слова дзеткам Па-беларуску Ян Павел ІІ вітаў пілігрымаў з Беларусі падчас сваіх візітаў у Польшчу, Літву і Украіну ды прамаўляў па-беларуску пры іншых нагодах. Падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў верасні 1995 года Ян Павел ІІ прывітаў групу дзяцей з паўднёвых рэгіёнаў Беларусі, якія прыбылі ў Італію на аздараўленне: «Дарагія беларускія дзеткі! Папа Рымскі вас вітае і ўпрошвае Стварыцеля неба, зямлі, вод, кожнай істоты на зямлі, аб літасці для вас і вашых сем’яў, што жывуць у чарнобыльскай зоне, каб вы выраслі здаровыя. Падзякуйма італьянскім вернікам за іх любоў да вас, беларускія дзеці!» Адзіны праваслаўны ў Ватыканскім радыё Прамовы Яна Паўла ІІ, у тым ліку і да беларускіх дзетак, дапамагаў перакладаць на беларускую мову беларус з Падляшша Ян Мойсік. Спадар Ян – адзіны праваслаўны сярод усіх працаўнікоў 40-а моўных рэдакцый Ватыканскага радыё. Ён з-пад Бельску-Падляскага (Польшча), дзе закончыў беларускі ліцэй. Пазней ва ўніверсітэце спадар Ян вывучаў эканоміку, але лёс прывёў яго ў 1983 годзе на працу ў беларускую рэдакцыю Ватыканскага радыё. «Тады дырэктарам беларускай рэдакцыі быў айцец Роберт Тамушанскі. Ён паходзіў з Нью-Ёрку, быў грамадзянінам ЗША, але падкрэсліваў, што ягоныя дзяды былі беларусамі з былога Аўгустоўскага павету. Айцец Роберт быў грэка-католікам, але мог служыць у двух абрадах – візантыйскім і лацінскім. Найбольш верагодна, што першыя словы Яна Паўла ІІ па-беларуску ў 1978 годзе пераклаў менавіта айцец Роберт, бо больш не было каму», -- распавёў спадар Мойсік. Алена Мартэцкая і Ян Мойсік. Фота Аляксандра Панчанкі Журналістка з савецкім пашпартам у Ватыкане Сярод тых, хто перакладаў для Папы Рымскага на беларускую мову, была таксама супрацоўніца Ватыканскага радыё Алена Мартэцкая, якая пачынала кар'еру на беларускім дзяржаўным радыё. У 1990 годзе яна прыехала ў Рым да сяброў ды захацела зрабіць інтэрв'ю з айцом Робертам Тамушанскім. Святар пачуў беларускую мову з вуснаў спадарыні Алены і прапанаваў ёй застацца ў Ватыкане. «Я была практычна першаю асобаю з савецкім пашпартам, якую ўзялі на працу ў Ватыкан», -- адкрылася журналістка. Спадарыні Алене давялося нават пабываць у ролі рэпетытара Папы Рымскага па беларускай мове. Неўзабаве пасля прыезду журналісткі ў Рым ёй даручылі навучыць Яна Паўла ІІ правільна вымаўляць беларускія словы. «Мне кажуць: “Хочаш?” Спачатку я вельмі спужалася, бо была ў гэты дзень у джынсах. Калі прыйшла раніцаю на працу, не меркавала, што яшчэ давядзецца спаткацца з Папам. Я кажу тады: “Як жа я пайду ў такім выглядзе?” – “Нічога, ідзі, ніхто не глядзіць на такія фармальнасці”, -- падахвоцілі мяне ў рэдакцыі», -- узгадала спадарыня Алена. Заняткі беларускага маўлення для Папы Журналістка чакала Яна Паўла ІІ за сцэнаю ў зале Паўла VI Апостальскага палаца, дзе адбываюцца агульныя аўдыенцыі Пантыфіка з вернікамі. Папа Рымскі меў толькі некалькі хвілінаў, каб спаткацца з ёю. «Я стаю ні жывая, ні мёртвая, што называецца. Перажываю. Па-італьянску я ведала тады яшчэ толькі некалькі словаў. А тут выходзіць Папа ў акружэнні высокіх жандармаў. Апрача мяне там былі святары і службовыя асобы. Папа паглядзеў на мяне, а я ў той момант зіхацела радасцю, усміхалася, была такая шчаслівая, уся ў захапленні ад асобы Папы, працы якога пачала чытаць раней. Ян Павел ІІ разгарнуў плечы, стаў вышэйшы, вочы заззялі блакітным святлом. Ён падышоў да мяне і сам прамовіў усю фразу, якую я мела яго навучыць вымаўляць. І запытаў тады па-італьянску: «Правільна?» Я адказала, як умела, што правільна». Пасля гэтай кароткай размовы Ян Павел ІІ падараваў спадарыні Алене ружанец і блаславіў, накрэсліўшы знак крыжа на ілбе ды накіраваўся на сцэну. Гэтую кароткую размову журналістка ўспрыняла як знак, што мусіць застацца і працаваць у Рыме. «Ахопліваў малітвай ўсю Беларусь» Сябра Таварыства беларускай мовы, пробашч парафіі Свв. Сымона і Алены ў Мінску ксёндз-магістр Уладзіслаў Завальнюк звярнуў увагу, што беларуская мова з вуснаў Папы шмат азначала не толькі для беларускіх каталікоў, але і ўвогуле для ўсіх беларусаў. «Гэта сведчыла, што арцыпастыр ахопліваў малітваю ўсю Беларусь. Малітва Яна Паўла ІІ аб'ядноўвала, мабілізавала ды памнажала дабрадзействы ў нашым грамадстве», -- заўважыў святар. У 2003 годзе Ян Павел ІІ атрымаў падзяку ад Таварыства беларускай мовы за прыхільнасць да нашай мовы і пашырэнне яе ў Беларусі і свеце. Паводле Віктара Шукеловіча, belsat.eu |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.