Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
На сувязі з catholic.by скаўты: слова пра служэнне ў Будславе |
Беларусь |
07.07.2014 01:10 |
Рэдакцыя catholic.by вырашыла наладзіць сувязь са скаўцкім рухам у Беларусі, каб нашы чытачы маглі быць у курсе спраў гэтай творчай і адкрытай моладзі, якая сваім служэннем натхняе іншых на ўчынкі дабра і адвагі. Слова пра скаўтаў ад Ганны Журко.
“Хвала Хрысту! Калі вы ў гэтым годзе наведалі Будслаў, то, напэўна, заўважылі хлопцаў і дзяўчат з бела-сінімі парасонамі. Знаёмцеся – гэта скаўты Еўропы ў Беларусі. Хтосьці з вас, паважаныя чытачы, ужо знаёмы з гэтым рухам, а хтосьці яшчэ не. Галоўныя цноты скаўтаў і скаўтак Галоўныя цноты скаўта і скаўткі – шчырасць, ахвярнасць і чысціня. Калі распавядаць пра Будслаў праз шкло скаўцкага руху, то, па-першае, гэтая ўрачыстасць з’яўляецца менавіта добрай нагодай для служэння, якое мае сваёй падставай гэтыя галоўныя цноты. У гэтым годзе падчас будслаўскіх урачыстасцяў неслі служэнне 45 прадстаўнікоў скаўцкага руху. Некаторыя з іх прыехалі ў Будслаў, але большасць з іх брала ўдзел у пешых пілігрымках. Скаўцкае “так” Скаўты з Гомеля далучыліся да пілігрымкі з Маладзечна, з Івянца - да Баранавічаў, з Барысава - да Жодзіна і з Мінска - да Віцебска. Я, напрыклад, далучалася да пілігрымкі “Віцебск-Будслаў”, і з уласнага вопыту магу сказаць, што служэнне пачынаецца не толькі каля брамаў будслаўскай святыні. Яно пачынаецца з гатоўнасці да гэтага служэння з першага кроку ў пілігрымцы. Калі скаўт кажа: “Напагатове!”, ён кажа сваё “так” на кожную справу, якую мае здзейсніць. Скаўты ў Будславе Падчас урачыстасцяў скаўты і скаўткі дапамагалі службе аховы і парадку, а таксама неслі варту ў інфацэнтры “Чыстае сэрца”. Таксама скаўты сустрэліся разам суботняй раніцай на святочным шыхтаванні (пастраенні), падчас якога нацыянальны камісар скаўтаў Павел Граковіч адзначыў, што будслаўскія ўрачыстасці з’яўляюцца добрай духоўнай падрыхтоўкай да адной з самых вялікіх падзей для скаўтаў Еўропы – “Еўраджэма”, які ўяўляе сабой агульны летнік для скаўтаў з усяго свету і пройдзе ў жніўні на тэрыторыі Францыі. Няхай Маці Божая апякуецца скаўцкім рухам на Беларусі, а скаўцкае служэнне прыносіць радасць не толькі іншым людзям, але і самім удзельнікам гэтага руху! Напагатове!”
|
Фотарэпартаж |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.