Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Настаяцельніцай Беларуска-літоўскай делегатуры Кангрэгацыі Сясцёр Служак Езуса ў Эўхарыстыі прызначана с. Антаніна Багдановіч з Беларусі
Беларусь
16.07.2014 13:50

Сястру Антаніну Багдановіч SJE з астравецкага касцёла Адшукання Святога Крыжа прызначылі настаяцельніцай Беларуска-літоўскай делегатуры Кангрэгацыі Сясцёр Служак Езуса ў Эўхарыстыі.

Сястра Антаніна Багдановіч нарадзілася ў 1974 годзе ў Браславе, дзе, яшчэ вучачыся ў 11 класе, у 1991 годзе яна стала пастулянткай у супольнасці сясцёр эўхарыстак. Навіцыят праходзіла ў Польшчы, таксама некаторы час была там пасля прыняцця першых манаскіх шлюбаў. Пасля вяртання ў Беларусь працавала ў родным Браславе, Мосары, Друі, зноў у Браславе і ў Астраўцы.

Зараз на маладую настаяцельніцу ўскладаюцца новыя абавязкі. Сястра Антаніна Багдановіч адзначае: «Найперш я адказваю за развіццё манаскага жыцця, якое дапамагае людзям пазнаць еднасць з Богам, а ўжо потым за справу апостальства».

Папярэдняй настаяцельніцай была c. Зоф’я Грыгатовіч з Польшчы, якая працавала ў Беларусі на працягу 6 год.

На самым пачатку заснавання Кангрэгацыі Сясцёр Служак Езуса ў Эўхарыстыі (1923) для біскупа Юрыя Матулевіча, каму і належала ідэя заснавання, было вельмі важна, каб пераважную большасць манахінь складалі прадстаўніцы мясцовага насельніцтва, якія б маглі звяртацца да жыхароў на зразумелай мове, ведаць мясцовыя звычаі і культуру. Як кажа с. Антаніна Багдановіч, «важна, каб мы маглі быць бліжэй да людзей і да іх менталітэту».

«Згодна з намерам заснавальніка, кангрэгацыя павінна была стаць універсальнай, адкрытай на патрэбы ўсяго Касцёла, і разам з тым аказваць дапамогу найбольш церпячым, рэлігійна занядбаным людзям, пераважна беларусам», — адзначаецца ў кнізе «Пра пакліканне» ў дачыненні да супольнасці эўхарыстак.

Тое, што настаяцельніцай на сённяшні дзень будзе беларуска, — вельмі важны факт, які яшчэ раз падкрэслівае ідэю заснавання і працы гэтай манаскай супольнасці: «Усё для Хрыста і праз Хрыста» - беларусамі для беларусаў.

Сёння супольнасць манахінь, якія служаць не толькі ў Беларусі, як было на пачатку заснавання, але і ў Літве, Польшчы, Расіі, Казахстане, Германіі, налічвае каля 180 асоб. На тэрыторыі Беларусі працуе каля 30 сясцёр эўхарыстак.

Эўхарысткі служаць у Браславе, Друі, Полацку, Слабодцы, Астраўцы, Барысаве. Найбольшая колькасць эўхарыстак у Браславе, дзе на сённяшні дзень знаходзіцца галоўны дом гэтай супольнасці ў Беларусі.

Аксана Ючкавіч
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.