Аргкамітэт Міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм “Magnifiсat” завяршае падрыхтоўку да правядзення чарговага фестывалю, які адбудзецца 24-28 жніўня 2014 г. і стане 10-м па ліку. Свой першы юбілей фестываль адзначыць рэкорднай колькасцю ўдзельнікаў: у конкурснай праграме будуць прадстаўлены 20 краін, сярод якіх упершыню — Македонія і Казахстан.
Узровень конкурсных прац год ад года ўзрастае, адзначыў старшыня фестывалю беларускі рэжысёр Юрый Гарулёў. “Аб нас ведаюць, добрыя майстры звяртаюць увагу на наш фестываль. Гэта, магчыма, і наша заслуга ў тым, што мы навучыліся рабіць прафесійны адбор стужак, навучыліся шукаць добрых рэжысёраў, якія здымаюць добрае кіно. І зараз ужо ёсць такое адчуванне, што пра нас ведаюць у свеце”, - лічыць ён.
10-ы “Magnifiсat” пройдзе ў звычайным фармаце – адкрыццё адбудзецца ў Мінску, асноўныя конкурсныя прагляды – у Глыбокім. Не так даўно фестываль перажыў цяжкасці, у мінулым годзе яго правядзенне было нават пад пытаннем, але кінафорум атрымалася захаваць. Сёлета Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі вырашыла арганізаваць збор сродкаў для фестывалю ва ўсіх парафіях.
Аркамітэт, у сваю чаргу, абяцае ўдыхнуць у кінафорум новае жыццё, знайсці новы погляд на яго і развіваць шляхі папулярызацыі хрысціянскага кінематографа, паведаміў Юрый Гарулёў. “Ёсць такая форма, як рэха фестывалю. Мы яе не да канца асвоілі, можна сказаць, толькі пачынаем асвойваць. Людзі павінны не толькі ведаць, што ёсць такі фестываль, — людзі павінны глядзець гэтыя фільмы. І не толькі ў Мінску і Глыбокім, але і ў іншых рэгіёнах Беларусі. Гэта павінна адбывацца кожны год. Напрыклад, мы дамовіліся з нейкай парафіяй, пробашч вызначае дзень, і мы прыязджаем са сваёй праграмай і паказваем фільмы. І чым больш такіх паказаў, тым больш людзі будуць ведаць пра фестываль”, - адзначыў ён.
Гэтыя фільмы не дэманструюць па тэлебачанні, яны рэдка яны з’яўляюцца на афішах кінатэатраў, але запатрабаванасць у фестывальным хрысціянскім кіно ёсць - гэта арганізатары бачаць на свае вочы. “Два гады таму мы рабілі кінапрагляды ў Гродне, у галоўным кінатэатры горада. І тры дні ён збіраў аншлагі. Людзі выходзілі і дзякавалі са слязьмі на вачах, што пабачылі гэтыя фільмы, бо нідзе больш такой магчымасці не было. І гэта сведчыць аб тым, што запатрабаванасць ёсць”, - адзначыў Юрый Гарулеў.
Для гледачоў і для майстроў, якія прымаюць удзел у фестывалі, Беларусь – выключная пляцоўка, дзе, незалежна ад веравызнання, можна задаць самыя вострыя пытанні і прадставіць свой погляд на значныя праблемы сучаснасці.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|