Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адзначаецца 3-ая гадавіна смерці кардынала Казіміра Свёнтка
Беларусь
21.07.2014 14:02

21 ліпеня 2014 г. спаўняецца 3 гады з дня смерці кардынала Казіміра Свёнтка. Па спачылым у гэты дзень 2011 года гучалі званы ў касцёлах усёй Беларусі, духоўнаму адраджэнню якой ён прысвяціў усё сваё жыццё.

Рыхтаваўся паміраць неаднойчы

У 1941 годзе, калі Саветы прыгаварылі маладога святара да расстрэлу, ён чакаў смерці два месяцы ў Брэсцкай турме. Не дачакаўся растрэлу, бо прыйшла вайна.

Потым 10 гадоў правёў у канцлагеры, аж да 1954 года, калі пасля смерці Сталіна, яшчэ малады, але загартаваны і больш чым сталы, ён вярнуўся на Беларусь, каб працаваць, адбудоўваць, адраджаць.

Калі Беларусь атрымала незалежнасць, менавіта гэты чалавек, які ведаў, што такое чакаць смерць, стаў тым, хто ўзначаліў Касцёл у Беларусі і быў на пачатку стварэння таго Касцёла, які мы маем сёння, — сапраўды беларускага.

Адраджэнец Касцёла ў Беларусі нарадзіўся ў суседняй Эстоніі

Кардынал Казімір Свёнтэк нарадзіўся 21 кастрычніка 1914 г. у Эстоніі ў горадзе Валга, ахрышчаны быў у Рызе. Калі яму было 3 гады, яго сям’ю вывезлі ў Сібір. Пасля заканчэння Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску ў 1939 годзе яго накіравалі служыць у горад Пружаны, але служэнне ў Пружанах хутка скончылася зняволеннем і двухмесячным знаходжаннем у камеры смертнікаў. Трывалі пераследванні за веру. Ворагаў камуністычнай улады не атрымалася знішчыць, бо гэтаму перашкодзіў пачатак вайны, і святар атрымаў шанс на жыццё. Але мінула колькі год, і яго чакала новае выпрабаванне — канцлагер. 10 гадоў чарговага чакання смерці, якія не зламалі, не прыціснулі сэрца святара, якому па волі Божай было наканавана вярнуцца ў родны Пінск. Якому па Божай волі ў 1991 годзе было наканавана стаць першым Мітрапалітам новастворанай Мінска-Магілёўскай Мітраполіі і Апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі.

З’яўляючыся сведкам пераследу каталіцкай веры ў Беларусі, ён быў актыўным дзеячам яе адраджэння.

У 1994 годзе Святы Айцец Ян Павел ІІ надаў яму тытул найвышэйшай адзнакі, якая можа быць у Касцёле, — кардынала.
 
«Усё аднавіць у Хрысце»

Кардынал Свёнтэк яшчэ да Вялікага юбілею 2000 года падрыхтаваў спецыяльную духоўную праграму, у якой асаблівае месца было прысвечана розным пастырскім ініцыятывам, адбудове святыняў і найперш мінскай архікатэдры, а таксама працы Сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Пінскай і Віцебскай дыяцэзій, які кардынал распачаў у 1996 г. Знамянальны дэвіз Сіноду: «Усё аднавіць у Хрысце».

27 верасня 2004 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ уручыў кардыналу Казіміру Свёнтку спецыяльную ўзнагароду «Fidei testis» (Сведка веры), прысуджаную Інстытутам Паўла VI.

21 ліпеня 2011 года «Сведка веры» адышоў у вечнасць, рыхтуючыся зрабіць гэта яшчэ ў 1941 годзе.

Ніколі не ведаеш, калі надыдзе той момант, калі заданне, даручанае Богам, будзе выканана. Калі ходзіш па гэтай зямлі, калі прачнуўся і неба пабачыў, то ведай, што яшчэ не час на Вечнасць. Жыві, працуй і сведчы пра Бога, і кожны дзень будзь гатовы памерці… Бо толькі той, хто гатовы памерці ўжо сёння, можа будаваць сваё заўтра і заўтра свайго народа.

Аксана Ючкавіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.