Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пілігрымка «Барысаў-Росіца» набліжаецца да месца прызначэння: назіранне на ўзбоччы
Беларусь
31.07.2014 12:43
У шлях пілігрымка вырушыла 25 ліпеня з парафіі Нараджэння Насвяцейшай Панны Марыі г. Барысава, у складзе 43 чалавек, колькасць якіх увесь час павялічваецца. 31 ліпеня пілігрымы пераадольваюць апошнія кіламетры, адмераўшы крокам дарогі Міншчыны і ўжо амаль усёй Віцебшчыны.

 

Напэўна, кожнаму, хто прынамсі раз быў у пілігрымцы, знаёмы і сцёртыя ногі, і вечаровы боль ад пройдзеных кіламетраў, і смага ад спёкі, і радасць малітвы, і шчасце ад адчування блізкасці Бога.

Сведчанні пра пілігрымку ў Росіцу для мяне, той, што ўдзельнічала ў пяцідзённай пілігрымцы з Мінска ў Будслаў, незвычайныя. З Мінска ў Будслаў ты ідзеш 5 дзён, людзей так шмат, што пазнаёміцца з імі ты можаш толькі напрыканцы, а сама пілігрымка не пакутная, а радасная… А ў «росіцкай пілігрымцы» ўсё дзіўнае і новае: людзі ўсе адзін аднаго ведаюць, складаецца пачуццё, што ідзе адна вялікая сям’я.

На працягу шляху думкі поўняцца разважаннямі над жыццём і смерцю, над ахвярай і мужнасцю, стойкасцю ў веры благаслаўлёных айцоў-марыянаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча.

Дарога досыць доўгая, для многіх досыць складаная. Людзі ідуць пад пякучым сонцам ці пад залевай. З года ў год ідуць пілігрымы, якія з Барысава першы раз вырушылі ў 2008 годзе, а тады ў першых пілігрымках з Барысава колькасць дзён складала цэлых 11, за якія трэба было пераадолець 333 кіламетры. На сёння пілігрымы ідуць крыху іншым маршрутам і на 3 дні менш. Гэтую пілігрымку з Барысава распачаў праводзіць кс. Вячаслаў Пялінак, і кожны пілігрым прыгадвае яго канферэнцыі на месцах адпачынку, гаміліі падчас «палявых ці лясных» Імшаў, вечаровую малітву на руінах зембінскай святыні за беларускі народ і Беларусь.  

Чаму ж ідуць пілігрымы такі доўгі шлях? Як ім ідзецца? Якое месца займае ў іх жыцці Росіца?

Пра гэта скажуць самі пілігрымы:

Тома Сарачынская, пілігрым, які не прапусціў аніводнай пілігрымкі з пачатку яе з’яўлення, з 2008 года:

— Файна ідзецца. Самае складанае ў пілігрымцы – духоўныя перажыванні, але хіба пакуль што ў нас не ўзнікае такіх рэчаў. Хоць у некаторых людзей і ногі муляць, пазбівалі ўсе (часцей за ўсё гэта вынікі другога дня, калі трэба пераадолець 52 км ад Зембіна да Бягомля), некаторыя ад болю плачуць. Зараз ідзе пяцьдзясят чалавек, а выйшлі сорак тры, але потым даехалі, па дарозе кагосьці цапанулі (смяецца), таму файна. Сёмы раз іду ўжо. Кожны дзень, кожны год з першага курсу свайго студэнцтва хаджу ў Росіцу.

— А не надакучыла адно і тое ж? — пытаюся.
— А гэта не адно і тое ж! Толькі маршрут аднолькавы, а так не можа быць адным і тым жа. Таму што змяняюцца людзі, духоўныя перажыванні. Бог натхняе кожны раз на нешта новае. Яму самому не цікава, калі нам будзе аднолькава. Нешта прыдумляе ўвесь час! Ты глядзіш і здзіўляешся, як Ён толькі ўмудраецца. Кожны год па-рознаму. Вось гэты год ідзем пад новым кіраўніцтвам, і гэтае кіраўніцтва (а. Вадзім Мізер MIC) першы раз ідзе гэтай дарогай росіцкай. Хто каго вядзе, яшчэ не зразумела (смяецца). Але насамрэч вельмі файна нас вядзе. Малайчына, мы ганарымся ім. Мы з ім як за каменнай сцяной.

Яшчэ падчас размовы Тамара спыняецца і дадае, што ў кожнай пілігрымцы прысутныя цуды, якімі, паводле пілігрыма-старажыла з’яўляюцца людзі, якія прымаюць, добрыя, спагадлівыя.

Падыходжу да дзяўчынкі, якая па ўзросце наймалодшая з усіх пілігрымаў:

Люба Фікава, 11 год, г. Барысаў:

— Я іду з сястрой. Нашая знаёмая патэлефанавала і прапанавала пайсці да Росіцы, я і пагадзілася. Прашу, каб Бог даў мне сілы – гэта самае галоўнае для мяне. Таксама малюся за матулю.

На парозе святыні, пры якой спыніліся пілігрымы, разам з заплечнікамі, капелюшамі і ціхай стомай, прытаіліся дзве сястры эўхарысткі.

Сястра Вікторыя Бутрыновіч SJE з Літвы:

— Я іду першы раз у такую сур’ёзную для мяне пілігрымку з удзячнасцю, несучы шмат просьб. Колькасць просьб таксама звязана з нашай парафіяй у Барысаве, дзе я зараз служу. Калі працуеш з людзьмі, то аб малітве просіць і моладзь, і старэйшыя. І я нясу іх просьбы і малітву ў Росіцу.

Сястра Таццяна Салодкая SJE:

— Месца гэтае для мяне вельмі блізкае, бо я там атрымала невялікае навяртанне. Мела праблему, і Росіца мне ў гэтым вельмі-вельмі дапамагла. А сведчанне мучанікаў дае прыклад. Аддаўшы жыццё за іншых, яны паказалі сапраўдную любоў.



Барыс Чупрынскі, г. Барысаў:

— Чаму я іду? Перш за ўсё праз людзей, бо такой колькасці добрых людзей у адным месцы цяжка дзе знайсці. Душа цягнецца да іх. Тут не столькі само месца Росіца, колькі сам шлях, гэтыя людзі, адносіны. Яны даюць мне сілы.

Уладзімір Вараб’ёў, г. Барысаў:

— Росіца шмат для мяне значыць, бо мінулы раз перавярнуў маю свядомасць. Росіца стала адной з галоўных ліній жыцця, якая надае  сілы, духоўнай энергіі, добрых думак і станоўчых эмоцый на ўвесь год. І думаю, што будзе надаваць яшчэ не адзін год.

Кацярына Александровіч, г. Барысаў:

— Можна сказаць, што Росіца займае асноўнае месца ў маім жыцці. Калі ўлічыць, што ў мяне вакацыі і тыдзень з іх я ўзяла на Росіцу, а не паехала адпачываць на сонечны бераг. Першы раз у Росіцы я была ўзімку. Было вельмі халодна, каля мінус трыццаці. Не ведаю чаму, але калі я туды вярнулася зноў улетку, то была здзіўлена, што там ёсць возера. Пілігрымка ў Росіцу мне падабаецца больш, чым пілігрымка ў Будслаў, таму што яна больш малітоўная. Росіца надае сілы.



Айцец Вадзім Мізер MIC, кіраўнік пілігрымкі:

— Больш за ўсё, я прагну данесці думку, каб пілігрымы пакладаліся на Бога і Яму давяралі падчас гэтага шляху. У Росіцу не я іх прывяду, але іх прывядзе Бог. У гэтым шляху Бог мне самому паказаў у самы першы дзень, калі, седзячы на Імшы, я плакаў ад болю і думаў нават, што я ўвогуле не пайду, што вяду пілігрымку не я, а Ён. А перад выйсцем я вельмі-вельмі моцна клапаціўся, перажываў, ці будзе шмат людзей, хацеў быць максімальна падрыхтаваным.

Таму падчас пілігрымкі я хачу данесці, што сапраўды нашае жыццё ў руках Бога. Што б у ім не адбывалася, Ён вывядзе з гэтага вялікае дабро. Бог прагне, каб Яму давяралі ўсім сэрцам, верылі, што Ён іх прымае такімі, якія яны ёсць. З усім. З нашымі цяжкасцямі, слабасцямі, грахом і ранамі. Усіх. Цалкам.

Ужо заўтра пілігрымы адчуюць прахалоду ад асвячанай вады, якой іх акропіць перад уваходам у росіцкую святыню а. Чэслаў Курачка МІС, пробашч парафіі, а потым увойдуць у святыню, спяваючы “Магутны Божа”.

Кацярына Парыжаская

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.