Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адышла ў вечнасць нявестка благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай, уратаваная ёю падчас вайны
Беларусь
07.08.2014 12:42

4 жніўня 2014 г. ва ўзросце 97 гадоў адышла ў вечнасць Ганна Бярнацкая, якую ўратавала ў часы Другой сусветнай вайны яе свякроў благаслаўлёная Мар’яна Бярнацкая, што прыняла смерць замест цяжарнай нявесткі. Падчас карнай акцыі гестапа ў 1943 г. Мар’яна Бярнацкая, стоячы на каленях каля ног эсэсаўца, казала: «Як яна пойдзе? Яна ж на апошніх тыднях цяжарнасці. Я пайду замест яе».

Уратаваная Ганна Бярнацкая пражыла пасля гэтага яшчэ 71 год, Мар’яну Папа Ян Павел ІІ беатыфікаваў у ліку іншых мучанікаў Другой сусветнай вайны ў 1999 г. Постаць Мар’яны Бярнацкай звязана з Беларуссю: у 1943 г. яна была ў вязніцы ў Гродне, а пасля, 13 ліпеня таго года, была расстраляна ў Навумавічах каля Гродна. Сёння ў Навумавічах на ўзгорку знаходзяцца памятная табліца і крыж, кожны год у дзень мучаніцкай смерці благаслаўлёнай там цэлебруецца Эўхарыстыя.

 
Ганна Бярнацкая


Мар’яна нарадзілася ў 1888 г. у Ліпску (Польшча), ва ўзросце 20 гадоў выйшла замуж за Людвіка Бярнацкага. У сужэнстве было народжана шасцёра дзяцей, чацвёра памерлі адразу пасля нараджэння, засталіся ў жывых дачка Леакадзія і сын Станіслаў.

Мар’яна і Людвік Бярнацкія ўтрымлівалі сям’ю, працуючы на гаспадарцы ў 20 гектараў. Пасля смерці мужа Мар’яна засталася з сынам, а дачка выйшла замуж. З 11 ліпеня 1939 г. пасля таго, як яе сын Станіслаў узяў шлюб з Ганнай, Мар’яна дзяліла сваё жыццё з маладым сужэнствам, праяўляючы клопат, павагу і матчыну любоў да маладых і іх дзяцей.

 
Бл. Мар'яна Бярнацкая

З пачатку ліпеня 1943 г. пачаліся масавыя арышты жыхароў Ліпска і ваколіц у адказ нацыстаў за забойства партызанамі паліцая. У ліку арыштаваных апынуліся і Станіслаў Бярнацкі з жонкай Ганнай.

Аднойчы ліпеньскай раніцай таго года ўзброены эсэсавец увайшоў у дом Бярнацкіх і загадаў Ганне і Станіславу пакінуць памяшканне. Мар’яна ўпала да яго ног і прасіла дазволіць ёй пайсці на смерць замест цяжарнай нявесткі. Эсэсавец згадзіўся, і Мар'яна разам з сынам і іншымі арыштаванымі трапіла ў вязніцу ў Гродна. Знаходзячыся ў вязніцы, яна прасіла толькі аб тым, каб ёй далі ружанец. Родныя пастараліся выканаць гэтую просьбу, аднак не вядома да канца, ці атрымала Мар’яна ружанец. Яе расстралялі 13 ліпеня 1943 г. у Навумавічах каля Гродна ў ліку 49 жыхароў Ліпска.

 
Навумавічы, дзе была расстраляна бл. Мар'яна Бярнацкая

 
6 жніўня 1943 г. у Ліпску адбылося яе пахаванне, якое ўзначаліў дапаможны біскуп Элцкай дыяцэзіі Рамуальд Камінскі. Ганну Бярнацкую пахавалі на мясцовых парафіяльных могілках.

Ужо на працягу некалькіх гадоў у роднай мясцовасці Бярнацкіх адбываюцца сустрэчы свекрывей, апякункай якіх з’яўляецца благаслаўлёная Мар’яна – свякроў Ганны Бярнацкай. Культ благаслаўлёнай развіваецца, яе заступніцтва перад Богам просяць сужэнствы, якія не могуць мець дзяцей, цяжарныя жанчыны і ўдовы. Мар’яна Бярнацкая – благаслаўлёная, якая нават сярод пераследу і жахаў вайны не страціла даверу Богу.

Кс. Юрый Марціновіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.