10 жніўня 2014 г. свае першыя законныя шлюбы склала с. Вераніка Огар FMA (Кангрэгацыя Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў). Урачыстую Імшу ў парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах узначаліў кс. Віктар Гайдукевіч SDB, рэгіянальны настаяцель Таварыства св. Францішка Сальскага.
Новую сястру законную прадставіла прысутным с. Маргарыта Петрушчак FMA, адказная за сясцёр салезіянак, настаяцельніца Візітаторыі Усходняй Еўропы і Грузіі. Пасля чытання Евангелля с. Вераніка Огар паабяцала Богу паслухмянасць, беднасць і чысціню.
Родны брат с. Веранікі Огар кс. Іван Огар SDB прамовіў гамілію, у якой параўнаў шлях сястры да моманту, калі яна скажа свайму Каханаму “так” і стане выключна Хрыстовай, да шляху прарока Іллі. Па словах святара, пераадоленне выпрабаванняў, роспачы і сумненняў, якія спатыкаюць чалавека на шляху да Бога, раскрывае сілу волі і крышталізуе рашэнне чалавека належаць да свету дабра.
Згадваючы, што расчараваны і змучаны прарок Ілля ў пэўны момант жадае памерці, і адзінае, што вяртае яго да жыцця - цудоўны пасілак з неба, кс. Іван Огар звярнуў увагу, што падчас Імшы вернікі могуць перажываць тое ж самае, падмацавацца гэтым цудоўным Пасілкам, каб атрымаць сілы ўвайсці ў глыбіню свайго сэрца, у сваю пячору, сустрэцца з сабою; як Ілля ў пячоры, могуць паслядоўна перажыць у сваім сэрцы моманты вялікага ветру, землятрусу і агню. Чалавек, як дадаў святар, удасканаліцца ў пакладанні надзеі выключна на Бога і, пазбаўлены ад усяго непатрэбнага, як Ілля, пачуе шум ціхага ветру і пачне размову з Творцам.
Святар заўважыў, што хабіт сястры законнай сведчыць, што любіць Хрыста магчыма, а крыж нагадвае не толькі пра цану, якую Езус заплаціў, каб адарыць сваю абраную вечным шчасцем, але і пра тое, што Ён жадае ісці разам з ёй усюды і да ўсіх. Ксёндз Іван Огар пажадаў сястры заўсёды быць вернай Хрысту і Яго наказам, штодня з любові складаць Яму паслухмянасць, беднасць і чысціню, аддаць самае лепшае, што яна мае, дзецям і моладзі, каб яны былі шчаслівыя не толькі на зямлі, але і ў Небе.
Прысутнай моладзі святар пажадаў “адвагі адказваць на заклік Хрыста служыць Яму”.
Напрыканцы с. Маргарыта Петрушчак падзякавала за супрацоўніцтва святароў і сясцёр на хвалу Божую і дзеля збаўлення душаў.
Паводле sdb.by (AG)
|