Рух “Equipes Notre-Dame” у Беларусі ўжо на працягу 10 гадоў яднае сужэнствы з розных куткоў краіны. 9 жніўня 2014 г. у парафіі Узвышэння Святога Крыжа ва Уздзе адбыліся святочныя мерапрыемствы ў юбілей дзейнасці руху.
Падзяліцца радасцю і праславіць Бога на свята з’ехаліся сем’і руху з усёй краіны, а таксама духоўныя дарадчыкі суполак: кс. Дзяніс Шастаковіч, кс. Павел Слука, кс. Сяргей Дабрагост, кс. Пётр Шарко, кс. Дзмітрый Несцяр, кс. Алег Шпець, кс. Андрэй Сіповіч, кс. Тамаш Маліноўскі, кс. Павел Врубель. Прыбылі таксама госці з Польшчы: адказная за рэгіён пара - Люцына і Крыштаф Высоцкія, пары, якія дапамагалі заснаваць рух у Беларусі: Малгажата і Яахім Гжонкі і Уршуля і Януш Скляповічы і яшчэ дзве сям’і з Польшчы.
Святкаванне пачалося прэзентацыяй, у якой распавядалася пра гісторыю развіцця руху ў Беларусі, пра дасягненні першага дзесяцігоддзя. Затым адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і святая Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Пасля пачалася святочная праграма, падчас якой узгадалі, як зараджаўся рух “Equipes Notre-Dame” у Беларусі, якія перашкоды пераадольвалі сем’і. Не раз гучалі імёны сем’яў з першай беларускай суполкі – гэта Вольга і Станіслаў Дзям’янкі, Алег і Марыя Несцеравы, Наталля і Павел Ляшковічы, Алена і Аляксандр Вайцяшэнкi. Кожная сям’я, якая прыбыла на свята, мела магчымасць выказацца, падзяліцца ўражаннямі і сведчаннем прысутнасці Бога ў сваім жыцці. Святочны настрой дапамагалі ствараць музычныя нумары, якія падрыхтавалі як дарослыя, так і дзеці: Ірына Доўнар, Яна і Улад Варвашэвічы, Марыя Меляшкевіч.
Суполкі падрыхтавалі да святкавання плакаты аб сваёй дзейнасці ў руху END. Падчас святочнай праграмы былі падведзены вынікі конкурсу дзіцячай творчасці “Мы строим дом на скале ― на примере наших родителей”. Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі памятныя падарункі.
Прадстаўнікі дабрачыннага каталіцкага таварыства “Карытас” на чале з кс. Аляксандрам Фаміных арганізавалі для прысутных бяспройгрышную латарэю, у якой можна было выйграць цікавыя і карысныя рэчы, і зрабілі падарункі шматдзетным сем’ям.
Пасля канцэрту адбыўся святочны абед на свежым паветры, дзе можна было таксама паразмаўляць з сябрамі па руху і патанчыць пад музыку.
Сем’і гасцінна сустрэў у сваёй парафіі і прадаставіў магчымасць забаваў для дзяцей кс. Дзяніс Шастаковіч MSF. Госці з Польшчы падтрымалі сем’і сваёй прысутнасцю і падрыхтавалі для кожнага памятныя значкі.
Жана і Арцём Казакевічы
|