Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Беларусы прымуць удзел у 18-м Міжнародным кангрэсе «Рэнавабіс» у Фрайзінгу
Беларусь
20.08.2014 14:53

14 беларусаў прымуць сёлета ўдзел у штогадовым Міжнародным кангрэсе «Рэнавабіс», які пройдзе 3-5 верасня ў нямецкім Фрайзінгу пад Мюнхенам. Тэма сёлетняга кангрэса — «Касцёл-СМІ-грамадскае меркаванне».

На кангрэс зарэгістраваліся прадстаўнікі 30 краін свету, большасць з якіх — з Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Чакаецца, што сярод удзельнікаў у гэтым годзе будзе таксама 15 біскупаў. Найбольш шматлікімі дэлегацыямі стануць групы з Польшчы (28 чалавек), Украіны (23), Венгрыі (22), Румыніі (19) і Славакіі (19).

Сярод удзельнікаў з Беларусі — прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы, у прыватнасці Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, Гродзенскай дыяцэзіі, дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас», Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра імя свв. Кірылы і Мятода, Праваслаўнай духоўнай тэалагічнай Акадэміі з Жыровіч.

Падача заявак на ўдзел у кангрэсе праходзіла ў адкрытым рэжыме.

З «медыйных» католікаў кангрэс наведаюць дырэктар інфармацыйнага бюро Сatholic.by кс. Юрый Марціновіч, в.а. прэс-сакратара Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі кс. Юрый Санько, адказны за СМІ Гродзенскай дыяцэзіі і рэдактар газеты «Слова Жыцця» кс. Павел Салабуда, супрацоўніца часопіса «Аve Maria» Эльвіра Палінеўская.

З дакладам на пленарным пасяджэнні выступіць таксама кіраўнік беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё кс. Аляксандр Амяльчэня. Адказны за СМІ пры ККББ Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыняць удзел у працы кангрэса сёлета не зможа: у гэты час іерарх будзе ўдзельнічаць у сустрэчы з моладдзю ва Украіне. З боку Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі ў Фрайзінг прыедзе біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Ілья Лапато

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.