Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Вечныя шлюбы склала с. Віргінія Хацян
Беларусь
19.08.2014 13:33

16 жніўня 2014 г. у рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Гродне пасля неабходнай законнай фармацыі склала вечныя шлюбы падчас святой Імшы сястра Віргінія Хацян з Кангрэгацыi Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі). Ва ўрачыстай падзеі прынялі ўдзел дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які ўзначаліў Імшу, святары, сёстры назарэтанкі з усіх законных дамоў у Беларусі, найбліжэйшыя родныя с. Віргініі.

Вечныя шлюбы адбываюцца пасля часовых, і такім чынам кансэкраваная асоба абяцае да канца весці жыццё паводле евангельскіх парадаў. Гэта акт злучэння кансэкраванай асобы з яе супольнасцю і абранай формай жыцця. Праз гэтыя шлюбы законніца жадае як мага больш поўна наследваць Хрыста ў чысціні, пакоры і ўбостве.

Біскуп Юзаф Станеўскі пажадаў сястры Віргініі трываць у вернасці Езусу і далей імкнуцца да святасці, каб сваім штодзённым жыццём паказваць іншым людзям шлях да Бога і быць жывым сведкам Хрыста.

Сястра падзякавала ўсім, хто прыняў удзел у гэтай урачыстай падзеі, а таксама тым, хто перадаў ёй дар жыцця і хто спрыяў яе фармацыі.

Заснавальніцa Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, благаслаўлёная Францішка Сядліцкая, вызначыла для кангрэгацыі заданне супрацоўнічаць з Хрыстом і Яго Касцёлам у пашырэнні Валадарства Божай любові ў сваёй супольнасці і ў свеце, а асабліва ў сем’ях. Таму назарэтанкі, складаючы вечныя шлюбы, выказваюць жаданне ісці крокамі сваёй заснавальніцы праз супрацоўніцтва з Богам і Касцёлам і апостальскую працу, накіраваную на маральнае і рэлігійнае аднаўленне сем’яў.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.