Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Першыя манаскія шлюбы склалі два браты-дамінікане з Беларусі
Беларусь
25.08.2014 16:07

17 жніўня ў касцёле св. Дамініка ў Служэве (Польшча) склалі свае першыя манаскія шлюбы 11 братоў-дамініканаў, у ліку якіх два прадстаўнікі з Беларусі: Дзяніс Сухавараў, які родам з Магілёва, і Аляксандр Жмурко, які родам з Брэста.

Як паведамляецца на dominikanie.pl, скончыўшы перыяд навіцыяту, браты законныя склалі першыя шлюбы на рукі настаяцеля Польскай правінцыі дамініканаў, айца Паўла Козацкего.

Падчас святой Імшы, пасля Евангелля, паводле традыцыі браты леглі на падлогу тварам. У гэты момант усе прысутныя маліліся да св. Дамініка старажытнай антыфонай «O spem miram». Пасля яе заканчэння надышла хвіліна дыялогу, падчас якога на пытанне правінцыяла: «Чаго жадаеце?», браты адказвалі: «Божай і вашай міласэрнасці!»

Падчас гаміліі а. Павел Козацкі гаварыў пра Бога, які пераходзіць праз межы і не згаджаецца, каб хтосьці заставаўся чужым, прыніжаў самога сябе ці згубіўся.

«Выходзьце па-за межы шукання сябе, будавання сваёй дасканаласці, кар’еры. Згаджайцеся на тое, што ў манастве патрапіце ў такія сітуацыя, якія не будуць для вас зручнымі, бо яны патрабуюць аддаваць сябе і пакінуць тое, што маеш, таксама пакінуць тое, што прыгожае і добрае, каб пайсці туды, куды запрашае Бог». — заклікаў а. Павел Козацкі.

 

Ужо на пачатку верасня гэтыя браты-дамінікане распачнуць тэалагічнае і філасофскае навучанне ў Кракаве. Праз год яны могуць аднавіць шлюбы ў чарговы раз, аж да пяцігоддзя, пасля якога ўжо у дамініканскім ордэне складаюцца ўжо вечныя шлюбы.

 

(AYU)
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.