Шмат розных законаў існуе на свеце. Кожны з іх мае мэту змяняць свет да лепшага і праводзіць людзей да Бога, розным спосабам стараючыся дасягнуць поспеху ў сваёй справе. Вельмі цікава гэта робяць піяры.
Заснавальнікам закону піяраў з’яўляецца св. Юзаф Каласанс, які жыў на мяжы ХVI-ХVII стагоддзяў. Гэта чалавек, які на працягу ўсяго свайго жыцця шукаў паклікання і знайшоў яго ў Рыме, а дакладней — у дзецях, якія былі пазбаўленыя апекі. Ён застаўся з імі, арганізуючы для іх новыя школы і месцы для навучання. Цалкам бясплатныя. Разам з ведамі ён стараўся прывучаць дзяцей да малітвы, таму ў сваім жыцці кіраваўся такім дэвізам: «Пабожнасць і навука». Ён вучыў дзяцей не толькі падчас урокаў у школах, але і ў вольны ад заняткаў час.
Такім чынам гэты чалавек служыў Богу і знаходзіў тых, хто так жа хацелі праслаўляць Хрыста, што і стала прычынаю з’яўлення новага ордэна айцоў набожных школ — ці больш проста “піяраў”.
Айцы піяры працуюць ва ўсім свеце, таксама і ў Беларусі.
Піяры адчыняюць школы па ўсім свеце, дзе заахвочваюць дзяцей да шукання праўды, якой з'яўляецца Езус. Заахвочваюць да хрысціянскага жыцця, да сведчання сваёй веры. Таксама праводзяць рэкалекцыі, катэхэзы, душпастырствы. Перадусім гэты закон займаецца беднымі дзецьмі. Але айцы, якія не маюць магчымасці працаваць у школах, як у нашай краіне, служаць у піярскіх парафіях.
Напрыканцы жніўня, напрыклад, імі быў арганізаваны тыднёвы летнік «Канікулы з Богам-2014» у Шчучыне для дзяцей самых розных узроставых катэгорый.
Анастасія Цыбульская
|