Протаіерэй Каратаеў: «На "Магніфікаце" я адкрываю для сябе цуд адзінства» |
Беларусь |
27.08.2014 00:41 |
– Самым моцным уражаннем на гэтым фестывалі для мяне стаў цуд адзінства, які я перажыў як асабісты духоўны досвед. Гэта маё асабістае адкрыццё. Яшчэ апостал Павел пакінуў нам у спадчыну наказ пра адзінства – быць адзінымі ў разнастайнасці. Я ўпершыню ў Беларусі і ўпершыню на фестывалі ў якасці члена журы. Фестываль «Магніфікат» напоўнены для мяне штодзённымі адкрыццямі. Напрыклад, тут я пабачыў у тым ліку і стужкі, якія прысвечаны нацыянальным традыцыям і народным абрадам. Да хрысціянскай тэматыкі яны маюць ускоснае дачыненне, але якія яны цікавыя! Асабіста для мяне яны бясконца дарагія праз сваю напоўненасць непаўторным духам народнага жыцця ў розныя гістарычныя часы ў розных геаграфічных раёнах. Конкурсная праграма юбілейнага фестываля сапраўды вельмі разнастайная. Я вельмі люблю фільмы, дзе ёсць спроба спалучыць неспалучальнае. У гэтым сэнсе «Магніфікат» мяне вельмі радуе. Бо, на мой погляд, самымі цікавымі з’яўляюцца якраз такія фільмы, а не стужкі максімальна ідэалагічныя або дасканалыя тэхнічна. Іна Сабалеўская, спецыяльна для Catholic.by |