28 жніўня ў Мінску прадставілі ўнікальны праект — пабачыла свет факсімільнае ўзнаўленне Тураўскага Евангелля, кнігі, якая лічыцца самай старажытнай на тэрыторыі Беларусі і адной з найдаўнейшых ва Усходняй Еўропе.
Паведамляецца на старонцы Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Выпуск Тураўскага Евангелля стаўся магчымым у межах супрацоўніцтва кампаніі Xerox і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Арыгінал, датаваны сярэдзінай XI стагоддзя, захоўваецца ў Вільні ў Бібліятэцы Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук. Дзякуючы выкарыстанню найноўшых тэхналогій, цяпер копія пісьмовага помніка даступная беларускай публіцы.
Факсімільнае выданне ўтрымлівае не толькі копіі ўласна 10 аркушаў Тураўскага Евангелля, але таксама факсіміле віленскага выдання 1869 года. Старажытны тэкст суправаджаецца нарысам доктара гістарычных навук, прафесара Пятра Лысенкі і кнігазнаўчым даследаваннем культуролага, намесніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алеся Сушы. — Гэта ўжо другі праект, рэалізаваны ў межах нашага супрацоўніцтва, — расказвае Аляксандр Швец, кіраўнік прадстаўніцтва кампаніі Xerox і Апякунскага савета бібліятэкі. — Першым стала перавыданне віленскага “Лемантара” 1767 года. Галоўнымі мэтамі Савета з’яўляюцца, па-першае, садзеянне набыццю артэфактаў для перадачы ў Нацыянальную бібліятэку, а па-другое, факсімільнае ўзнаўленне помнікаў, найбольш важных для культурнай ідэнтычнасці Беларусі.
Асобнікі Тураўскага Евангелля ў Дзень ведаў плануецца перадаць установам навукі, адукацыі і культуры.
|