Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Тэалагічны каледж у Мінску распачаў новы навучальны год
Беларусь
06.09.2014 17:34
Новы навучальны год у «Мінскім тэалагічным каледжы імя св. Яна Хрысціцеля» адкрыўся 6 верасня 2014 г. у касцёле св. Сымона і св. Алены святой Імшой для выкладчыкаў і навучэнцаў. Эўхарыстыю ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

«Ты верыш, але ці любіш?»

У гаміліі да студэнтаў біскуп адзначыў значэнне вучобы і пазнання Божых праўдаў у справе ўмацавання веры кожнага навучэнца. Таксама іерарх вельмі яскрава падкрэсліў, гледзячы ў перспектыву вучобы, што яе завяршэннем павінна стаць любоў, адкрыццё любові да Бога і ўзрастанне ў ёй.

«Ты верыш, але ці любіш?» — пытанне, якое было звернута біскупам да кожнага прысутнага. «Калі не будзе любові, то самыя вялікія веды, якія б мы ні здабылі, застануцца ляжаць на паліцы, схаваныя ад іншых, — адзначыў іерарх і заклікаў сведчыць пра Бога з любоўю: — Ідзі і будзь вучнем, вучаніцай, і тое, што мог спазнаць, перадавай сваім блізкім, родным».

 



Тыя, каму даручана дапамагаць пазнаваць — выкладчыкі


Напрыканцы Імшы былі агучаны імёны трох новых выкладчыкаў каледжа, якім біскуп удзяліў благаслаўленне. Да ліку 22 выкладчыкаў каледжа далучыліся кс. Дзмітрый Пухальскі, Ларыса Абрамчук і Марына Казмірук. Ксёндз Дзмітрый Пухальскі будзе выкладаць кананічнае права, а таксама метадалогію. Акрамя гэтага, на святара ўскладаюцца абавязкі кіраўніцтва навучальным працэсам, кантроль па напісанні дыпломных прац і пацвярджэнне пераходу студэнтаў на наступны год навучання. Ларыса Абрамчук, журналістка, артыкулы якой рэгулярна можна чытаць на старонцы беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, дапаможа разабрацца з асаблівасцямі сродкаў масавай камунікацыі, а выкладчыца, выпускніца Інстытута тэалогіі імя свв. Кірылы і Мятода ў Мінску Марына Казмірук будзе чытаць курс лекцый па новых рэлігійных рухах. Раней гэты курс чытаў сённяшні біскуп Юрый Касабуцкі.

Марына Казмірук адзначыла: «Мэта майго курсу - каб студэнты маглі арыентавацца ў новых рухах не па іх назвах, але маглі на практыцы па знешніх прыкметах адрозніваць традыцыйныя рэлігіі ад нетрадыцыйных, ад секты».


Навучэнцы каледжа і сама вучоба

Першакурснікаў сёлета ў каледжы 22, іх узрост розны: самы малады навучэнец 1997 года нараджэння, самы старэйшы — 1951. Можна сказаць, што тэарэтычна ў каледжы могуць вучыцца бабуля і ўнучка, бацька і сын, муж і жонка, апошні прыклад якраз датычыцца і сёлетняга першага курса.

Каледж, хоць і знаходзіцца ў сталіцы, але яго навучэнцамі становяцца прадстаўнікі розных дыяцэзій. Напрыклад, Ян Вярэнька з Докшыччыны на заняткі, якія адбываюцца кожную другую і чацвёртую суботы месяца, будзе ездзіць за 120 км на аўтамабілі. Ён кажа, што для яго вучоба ў каледжы, па-першае, уяўляе паглыбленне ведаў пра Касцёл, яго гісторыю і веру, а па-другое — магчымасць знаходзіцца сярод цікавых людзей і ідэй.

Ян Вярэнька падзяліўся, што ён ужо не першы год выкладае катэхезу для дзяцей, якія рыхтуюцца да Першай Камуніі. 15 чалавек, якіх ён вучыў, прыступілі да сакрамэнту пакаяння і паяднання. Сам ён прыняў Камунію ў 15 гадоў, потым на працягу трох гадоў быў міністрантам, 6 гадоў - сакрыстыянінам. Зараз ён жыве ў Докшыцах, але дапамагае кс. Юрыю Бараўнёву ў Крулеўшчызне, Барсуках і Порплішчах.

Каледж — гэта таксама месца своеасаблівай духоўнай фармацыі, месца, дзе можна насыціцца духоўнымі ведамі, перамясціцца на некалькі дзён на месяц у асяродак іншы ад універсітэта, працы, пабыць з людзьмі вельмі розных прафесій, рознага жыццёвага вопыту, але якія аб’яднаны агульным жаданнем — ведаць больш пра Бога.

Ксёндз Юрый Санько адзначыў важнасць таго, што на лекцыі прыходзяць сюды не па прымусу, але па добрай волі — «бо гэта людзям цікава».

Між тым, як падкрэсліў кс. Ян Крэміс, вольных слухачоў каледж не прадугледжвае: той, хто прыйшоў вучыцца, мусіць і здаваць іспыты.

Сістэма ацэнкі ў каледжы не 10-бальная, а 5-бальная, без плюсаў і мінусаў. Для паспяховай здачы іспытаў патрабуецца прысутнасць на лекцыях і занятках, якія пачынаюцца ў 8.30, а заканчваюцца ў 17.45 і праходзяць на пляцоўках Чырвонага касцёла, сярод якіх парафіяльны дом і бібліятэка імя Адама Міцкевіча.

У цэлым каледж налічвае 60 навучэнцаў на трох курсах, кожны курс мае свайго куратара і старасту. Стараста трэцяга курса аўтаматчна становіцца старастай усяго каледжа. У гэтым годзе куратарам новага курса прызначаны кс. Дзмітрый Барыла.

Навучанне - на беларускай мове

Ксёндз Ян Крэміс адзначае, што пераважная большасць курсаў выкладаецца на беларускай мове, і толькі некалькі, дзе не хапае літаратуры, чытаюцца па-руску.

Дзякуючы гэтаму многія навучэнцы, якія раней не карысталіся беларускай мовай, пачынаюць размаўляць ці спрабаваць размаўляць па-беларуску. Дыпломныя працы здаюцца таксама на беларускай мове, разам з гэтым засвойваецца канфесійная лексіка, якая спецыяльна распрацавана Літургічнай камісіяй і якой карыстаецца Каталіцкі Касцёл у Беларусі.

Па традыцыі

Па традыцыі ў каледжы існуе пераемніцтва. Напрыклад, другакурснікі пераймаюць традыцыю рыхтавацца да сумеснай Эўхарыстыі (спеў і літургія), рыхтаваць віншаванні і ладзіць святы.

У дзень распачацця новага навучальнага года, пасля ўрачыстага ўручэння заліковак, другакурснікі прывіталі ўсіх выкладчыкаў каледжа і сказалі слова “на добры шлях" для першакурснікаў. Пры гэтым, паколькі каледж носіць імя св. Яна Хрысціцеля, першакурснікам былі ўручаны невялікія кніжачкі пра гэтага святога, апекуна каледжа і яго навучэнцаў.

Госць-натхняльнік



На ўрачыстым адкрыцці прысутнічаў а. Алег Шэнда OFMCap, які прачытаў першую лекцыю для студэнтаў на тэму «Друя — месца аднаўлення кансэкраванага жыцця ў Беларусі», у якой распавёў пра святароў, якія ў першай палове ХХ стагоддзя з’яўляліся сапраўднымі адраджэнцамі беларушчыны ў Касцёле. За свае погляды ім прыйшлося цярпець ціск з боку як польскага ўраду, так і камуністаў, часамі не проста зняволенне, але і смерць.

Айцец Алег Шэнда прыгадаў шматлікія імёны айцоў марыянаў і іх лёсы, якія на сённяшні дзень для многіх беларусаў з’яўляюцца прыкладам змагання за сваю нацыянальную ідэнтычнасць і годнасць, сваю мову і веру.

Аксана Ючкавіч

Агульнае фота ў паліграфічнай якасці (для друку)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.