Легіён Марыі ў Беларусі адзначыў 20-годдзе |
Беларусь |
09.09.2014 15:00 |
14 жніўня 2014 г. Легіён Марыі ў Беларусі адзначыў 20-гадовы юбілей. Святкаванне праходзіла ў тры этапы – з 14 жніўня па 6 верасня. 14 жніўня легіянеры – сёлета рэкордная колькасць – сабраліся на штогадовыя рэкалекцыі ў Доме Святой Тройцы ў Баранавічах, якія правёў ксёндз Аляксандр Севасцьяновіч, пробашч парафіі Св. Мікалая ў Міры. Многія з прысутных прыступілі да сакрамэнту пакаяння з усяго жыцця, атрымалі плёны заступніцкай малітвы. Фота бр. Корнэля Консэка SVD 3 верасня легіянеры зноў прыбылі ў Дом Святой Тройцы па запрашэнні біскупа Ежы Мазура, які стаяў ля вытокаў Легіёна ў Беларусі. Першая суполка Легіёна была створана 14 жніўня 1994 г. у Доме Святой Тройцы ў Баранавічах менавіта па благаслаўленні айца Ежы Мазура, які ў той час там служыў. Легіён хутка распаўсюдзіўся па ўсёй Беларусі і сёння налічвае 1200 легіянераў, як актыўных, так і дапаможных, якія стараюцца несці Божае слова туды, дзе яно вельмі патрэбнае, ідуць у шпіталі да хворых, каб падрыхтаваць шлях святару, наведваюць дамы састарэлых, дзіцячыя сацыяльныя прытулкі, змагаюцца за жыццё ненароджаных дзяцей, дапамагаюць святарам у парафіях. Пра ўсё гэта яны размаўлялі на сустрэчы з біскупам Ежы Мазурам, біскупам Пінскім Антоніем Дзям’янкам і яшчэ пяццю біскупамі з Польшчы, Латвіі і Літвы, якія сабраліся ў Доме Святой Тройцы з нагоды святкавання 100-годдзя нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка. Іерархі з цікавасцю выслухалі легіянераў, асабліва ўразіла сведчанне сляпой легіянеркі з Маладзечна Ірыны Фруцкай. Біскупы ў сваю чаргу расказалі пра досвед працы з Легіёнам у сваіх краінах, прамовілі цёплыя словы ў адрас беларускіх легіянераў. Іх уразіла жывая вера апосталаў Марыі, іх радасны настрой і аптымізм. Біскуп Ежы Мазур выказаў пажаданне бачыць у Легіёне больш дзяцей і моладзі. Легіянеры з удзячнасцю прынялі гэтае пажаданне да выканання. Галіна Калевіч |