19 верасня ў Гродне пачалася капітул Францішканскага ордэна свецкіх. Падчас абрадаў капітулы духоўныя сыны і дочкі святога бедняка з Асізі перадусім абяруць новую настаяцельніцу ў Беларусі і абмяркуюць розныя важныя і бягучыя справы ФЗС.
Падчас капітула запланаваны супольныя малітвы і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.
У ёй прымаюць удзел 27 настаяцеляў лакальных супольнасцяў з усёй Беларусі, а таксама дэлегат генеральнай настаяцельніцы Атыліo Галiмберці. Сустрэчай кіруе галоўная настаяцельніца супольнасці ў Беларусі с. Марыя Этоль, якая заканчвае сваю кадэнцыю ў ролі настаяцельніцы.
Капітула пачалася ўрачыстай Імшой у парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевич. У Імшы ўдзельнічалі святары на чале з пробашчам мясцовай парафіі а. Антоніем Пажэцкім OFMConv, які з’яўляецца рэгіянальным апекуном Францішканскага закона свецкіх.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч на пачатку літургіі запэўніў усіх членаў Францішканскага закона свецкіх аб малітве ў іх інтэнцыі. Па словах іерарха, сённяшняму свету вельмі патрэбны такія людзі, якія праз штодзённае жыццё будуць імкнуцца да дасканаласці, уключацца ў дзейнасць мясцовага Касцёла, а калі ўмовы дазваляюць, то, у больш шырокім дыяпазоне, і браць на сябе адказнасць за яго прысутнасць у свеце.
Пасля Імшы біскуп падзякаваў усім членам супольнасці Францішканскага закона свецкіх за кожную малітву «Вітай, Марыя», якую яны ўзносяць да трона Бога ў інтэнцыі святароў і ўсяго Касцёла, і папрасіў, каб гэтай штодзённай малітвы яны не спынялі.
Дзейнасць свецкіх францішканаў у жыцці парафіі праяўляецца ў клопаце аб чысціні святыні. Таксама гэта група, якая моліцца ў буднія дні падчас Імшы, а таксама падчас маёвых, ружанцовых або прынагодных набажэнстваў, такіх, як эўхарыстычныя набажэнствы, штомесячныя адарацыі, малітоўныя чуванні. Яны ўтвараюць найбольш стабільную і надзейную супольнасць парафіі.
Найменш заўважным і адначасова надзвычай важным з’яўляецца ўздзеянне свецкіх францішканаў прыкладам і жыццём на сваё асяроддзе, якому яны нясуць евангельскія каштоўнасці паслухмянасці, чысціні і ўбоства.
Кс. Юрый Марціновіч
|