Леанід Гуляка: «Святары павінны спрыяць развіццю пілігрымкавага турызму ў Беларусі» |
Беларусь |
26.09.2014 12:57 |
Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка выказаў думку, што святары павінны спрыяць развіццю пілігрымкавага турызму ў Беларусі. Пра гэта паведамляе БЕЛТА. Паводле слоў Леаніда Гулякі, пытанне развіцця пілігрымкавага турызму нядаўна абмяркоўвалася з удзелам спецыялістаў Міністэрства спорту і турызму. Бакі сышліся ў думцы, што святары маглі б сумяшчаць асноўную працу з працай экскурсавода. «Хто, як не настаяцель святыні, можа ведаць больш пра гісторыю гэтага культавага аб’екта, яго развіцця, станаўлення і сённяшняга жыцця. Да таго ж большасць з дзейных праваслаўных і каталіцкіх святыняў, манастырскіх комплексаў у краіне з’яўляюцца помнікамі архітэктуры і ўяўляюць сабой інтарэс для турыстаў, — падкрэсліў Леанід Гуляка. — А святар — чалавек высокаадукаваны, які ўмее працаваць з людзьмі, здольны зацікавіць сваім аповедам». На думку Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, калі ў святароў ёсць жаданне працаваць з турыстамі, то можна разгледзець пытанне аб іх дадатковай адукацыі і адпаведнай атэстацыі, тым больш, што ў глыбінцы кваліфікаваных экскурсаводаў не хапае. belta.by |