Беларусы прынялі ўдзел у сімпозіуме выкладчыкаў духоўных семінарый, інстытутаў і ўніверсітэтаў у Рыме |
Беларусь
|
13.10.2014 13:02 |
1–4 кастрычніка ў Папскім універсітэце св. Яна на Латэране ў Рыме адбыўся XI Міжнародны сімпозіум выкладчыкаў духоўных семінарый, інстытутаў і ўніверсітэтаў. Сімпозіум, пачатак якому паклаў у 2003 г. Папа Ян Павел ІІ, быў арганізаваны Рымскай дыяцэзіяй, Кангрэгацыяй Каталіцкай Адукацыі і Кангрэгацыяй па справах свецкіх.
У сімпозіуме прынялі ўдзел выкладчык катэхетыкі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Віктар Мыслюк і трое прадстаўнікоў свецкіх вернікаў з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Гродзенскай дыяцэзіі.
На сіпозіуме была падкрэслена роля настаўніка і выхавацеля ў сённяшнім свеце. Адзначалася, што ў пары з навучаннем павінна ісці асабістае сведчанне, паколькі сучаснаму свету патрэбны больш сведкі, чым настаўнікі.
Таксама было заўважана, што кожны, хто мае сувязь з выхаваннем новага пакалення, павінен мець адказнасць за сваіх падапечных. Навучальным ўстановам сёння, як адзначалася, патрэбны адказныя выкладчыкі, якія стваралі б неабходную навучальную атмасферу.
Дапаможны біскуп Рымскай дыяцэзіі Ларэнца Леуццы падчас сімпозіума падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва паміж Касцёлам, дзяржавай і ўніверсітэтам. Іерарх адзначыў, што, калі такое супрацоўніцтва ўсталюецца, то стане магчымым існаванне супольнасці любові. Біскуп папрасіў удзельнікаў сімпозіума несці гэты заклік аб супрацоўніцтве ў свае краіны і навучальныя ўстановы.
Чарговы сімпозіум пройдзе ў Рыме ў маі 2015 г. Кс. Юрый Марціновіч
|
Фотарэпартаж |