Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бог дае дары, чакаючы нашага адказу: дзяўчаты «вандроўніцы» распачалі новы скаўцкі год
Беларусь
16.10.2014 12:27

Распачаўся скаўцкі год для дзяўчат «вандроўніц» агульнабеларускага «вогнішча» шэфаў, апякункай якога з’яўляецца святая Рыта. Вандроўка «Будслаў – Даўгінава – Крывічы» адбылася 11–12 кастрычніка.

У вандроўцы на тэму «І спазнаеце праўду і праўда вас вызваліць» прымалі удзел дзяўчаты з розных куткоў Беларусі: Гомеля, Гродна, Мінска, Івянца — у цэлым 10 чалавек разам з айцом Сымонам Фарайтэрам OMI.

Скаўцкая фармацыя ў гэтым годзе прапаноўвае шэфам звярнуцца спачатку да самой сябе і запытацца: «Які я шэф?» — з гэтым пытаннем прыйсці да Езуса, аддаць праз рукі Марыі ўсё, што маеш: радасці, перажыванні, мары, служэнне, якое кожная скаўтка-шэф нясе ў сваёй парафіі.

Цікавым было тое, што падчас шляху Бог благаславіў не толькі надвор’ем, якое было цудоўным, але і людзьмі, якія сустракаліся ў вёсках і па дарозе. Яны радасна і са здзіўленнем пыталіся ў дзяўчат «вандроўніц», хто яны і куды ідуць, а некаторыя і частавалі яблыкамі.

Дзякуючы айцу Алоізу Шуліку OFM і сям’і Ягела ў Даўгінаве «вандроўніцы» мелі добры прыём на начлег. Дзяўчаты маглі адчуць, як Бог дае час на благаслаўленне ў скаўцкіх планах у служэнні і асабістай фармацыі.

Праз вандроўку кожны шэф падмацаваўся скаўцкім духам, каб вярнуцца дадому з новымі сіламі і Божай моцай на добрае распачацце скаўцкага года.

Асноўная думка, якую можна было вынесці з вандроўкі агульнабеларускага «вогнішча шэфаў» святой Рыты, сталі словы Езуса: «... З кожнага, каму дадзена шмат, і спагнана будзе шмат; і каму даручана шмат, ад таго больш і запатрабуюць» (Лк 12, 48).

Даведка: «Вандроўніцы» — чырвоная галіна ў скаўтынгу (чырвоная — бо гэта колер служэння). Служэнне — галоўная асаблівасць «вандроўніц» (служэнне любое: фізічнае, педагагічнае, малітоўнае і г.д) Звычайна над асобай «вандроўніцы» працуюць тры чалавекі: шэф «вогнішча» (дарадца і «старэйшая сястра» ў пытаннях следавання скаўцкай педагогіцы), духоўны айцец і «маці дарогі» (жанчына, абраная самой скаўткай, якая праз гутаркі вядзе яе да паглыблення ўсведамлення жаноцкасці).

Таксама «вандроўніца» працуе над шэдэўрам: гэта тое, што яна пакіне ў скаўтынгу пасля сябе (спеўнік, пераклады, сайт, кніга рэцэптаў і г. д.) Звычайна «вандроўніцы» — гэта дзяўчаты 18–30 гадоў, дзе вышэйшы парог — умоўны», — распавядае «вандроўніца» Караліна Комар.

Іна Пяткевіч


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.