Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
21 кастрычніка — 100 гадоў з дня нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка
Беларусь
21.10.2014 10:51

Пра ваенныя гады жыцця ў Беларусі і сустрэчы са стрыечным братам-святаром Казікам распавядае стрыечны брат Казіміра Свёнтка — 82-гадовы Рамуальд Крамплеўскі. Рамуальд Крамплеўскі піша эсэ, апавяданні і шмат гадоў займаецца геніалагічнымі даследваннямі радавога дрэва Крамплеўскіх. З дому Крамплеўскіх была і маці кардынала — Вераніка.

Маці кардынала Вераніка Крамплеўска нарадзілася 22 жніўня 1890 г. у вёсцы Зялёна Лонка парафіі Салокі на Віленшчыне і была адной з пяці дзяцей Антонія Крамплеўскага.

У хуткім часе сям’я пераехала ў горад Валк (Валга) на мяжы Латвіі і Эстоніі. Там Вераніка і вырасла, навучылася кравецкай справе, вышла замуж за Яна Свёнтка і нарадзіла двое дзяцей — Эдварда (1912 г.) і Казіміра (1914 г.).

У 1917 годзе ў пошуках працы разам з бацькамі і роднымі выехала ў Сібір, у Томск, і праз пяць гадоў яны вярнуліся да адроджанай Польшчы, на Віленшчыну. Праўда, не ўсе. Падчас вайны, а менавіта ў бітве за Вільно, загінуў яе муж — Ян Свёнтэк і быў пахаваны на могілках Роса непадалёку ад труны «Матка і Сэрца Сына», а сама Вераніка з дзецьмі асела ў Баранавічах. Тут, у Баранавіцкай пачатковай школе, а затым у гімназіі, вучыўся будучы кардынал.

Вераніка Свёнтэк разам з сынымі Казімірам і Эдвардам. Баранавічы, 1939 г.

У гады Другой сусветнай вайны Вераніка Свёнтэк таксама жыла ў Баранавічах – жыла самотна, хоць паблізу жылі дзве яе сястры і сям’я брата. У той час яна ўдачарыла дзяўчынку Ізабэлу. Ніжэй — урывак з успамінаў братняга сына – Рамуальда Крамплеўскага:

«За год ці два перад вайною пераехалі мы ў Баранавічы…

Стаіць мне ў вачах наш вялікі жоўты драўляны дом. Уваход ад поўдня, па левым боку лясок, за домам агарод і далей – чыгуначныя пуці, а на падворку кудлаты пёс Пэндрак – досыць злосны і грозны. У доме — бабуля і вялізнае радыё, з якога час ад часу вырываецца грозны вокліч: «Увага! Надыходзіць!… Увага! Надыходзіць!» Гэта быў пачатак вайны…

(…) З хвіліны акупацыі ў нас было некалькі перасяленняў. Хіба пасля чатырох высяленняў пачалі мы жыць у памяшканні, дзе мае дзве цёткі перад вайною мелі прадуктовы магазін, на вуліцы Шасейнай, насупраць дома, у якім жыла здаўна мая трэцяя цёця — Вераніка Свёнтэк.

Тую зіму і вясну ўсе мы сядзелі начамі на вузялках, чакаючы тых, хто пастукае ў дзверы, каб забраць нас у адвечную для палякаў дарогу сібірскіх кібітак. Забіралі толькі ноччу. Мы, як сям’я чыгуначніка, былі ў той чарзе крыху далей. Паратунак прыйшоў спосабам нахабным і нечаканым (…).

Прыход немцаў прынес нам палёгку — адышоў кашмар адпраўлення ў Сібір. Быў гэта, аднак, паратунак часовы, бо ўсім вядома было, што нічога добрага нас не чакае… Тым часам дачакаліся мы чарговага перасялення — цёця Стася і цёця Уршуля пайшлі да цёці Веры, бо памяшканне-магазін у мураваным будынку патрэбна было некаму зноў аддаць.

Ізабэла

«Дзяўчынка, якая згубіла бацькоў, ішла па вясковай вуліцы і плакала». Такі «сюжэт», што датычыўся біяграфіі Ізабэлы, якую ўдачарыла Вераніка Свёнтэк, захоўвалі ў сваім сэрцы тыя, хто ведаў швачку пані Вераніку яшчэ з пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Людзі ведалі таксама, што пані Вераніка стала маці для чужой дзяўчынкі па імені Іза.

(…) Я захварэў на коклюш. Звычайны звар’яцелы кашаль, ад якога цяжка пазбавіцца. Гэтая бяда прычапілася да мяне недзе на пачатку нямецкай акупацыі, пад канец лета.

Ужо тады мая цёця Вера, якая жыла па другі бок вуліцы, мела Ізу. Не ведаю, дзе яна яе ўзяла, дакладна гэтага па сённяшні дзень не ведае ніхто. Казала, што прывезла з вёскі, на часовае выхаванне. Іншыя цёці сцвярджалі, што ўдачарыла яе.

Калі яе прывезла, дзяўчынцы было 5–6 гадоў, была меншая за мяне на два гады, вельмі малая, больш гаварыла па-беларуску, чым па-польску. У яе былі светлыя валасы, смаркаты нос і таксама коклюш. Не было паратунку, здавалася, што выцягнем ногі, асабліва гэтая малая.

Парада доктара і людзей была адзінай: трэба змяніць клімат. Добра параіць, але як зрабіць? Акупацыя! Нягледзячы на гэта, наш тата атрымаў дазвол для нас і нашых мам ехаць у Пружаны. (…) Быў там на плябаніі мой стрыечны брат, сын цёці Веры. Пасадзілі нас у нейкі таварны вагон, і так мы трапілі ў Пружаны. Ксёндз Казік, празваны мною Куку, заснаваў сістэму зімняга выхавання, а перш за ўсё бег басанож усюды і ва ўсякую пагоду, бо, як сказаў, гэта або загартуе, або… Тое, што пішу пра гэта праз больш чым паўвеку, сведчыць, што лячэнне не пашкодзіла.

Коклюш мінуў, і хоць Іза дастала адразу панос, трэба было думаць пра вяртанне дадому.

Сховішча

«Напачатку немцы хадзілі ганаровыя і высакамерныя. На фронт ішлі састаў за саставам, калона за калонаю. Неба здавалася чыстым і спакойным. Потым усё часцей ішлі цягнікі з раненымі, вязучы недабіткаў з франтавой бойні на захад. Надышоў час капання  сховішчаў. Жыхары нашага дому таксама выкапалі сховішча, унутры са скамейкамі па абодвух баках. У хуткім часе пачаліся начныя налёты савецкіх бамбардзіроўшчыкаў. Кожную ноч. І як толькі цямнела, мы ішлі ў сховішча і незалежна ад “расы і поглядаў”, салідарна ўладкоўваліся на дзвюх драўляных скамейках і, услухоўваючыся ў адгалоскі са знешняга боку, чакалі агульны, без сумневу, лёс (… ).

Не змагу дакладна сказаць, колькі асоб загінула, ці страчаны хоць адзін самалёт, але дакладна магу сказаць, што загінуў мой стрыечны брат, другі сын цёці Веры (брат Казіка-ксяндза) Эдвард, які працаваў на чыгунцы машыністам. Выйшаў са сховішча, і абломак бомбы ўдарыў яму ў галаву. (…) Загінуў у Тэрэспалі і там пахаваны.

Рамуальд, стрыечны брат

Рамуальд Крамплеўскі нарадзіўся 10 кастрычніка ў Вільчэй Лапе (г. Вільно) у 1932 г., сакрамэнт хросту атрымаў у Фарным касцёле ў Гродне, дзе фактычна пражывала сям’я.

Паколькі бацька быў спецыялістам на чыгунцы (маці вяла хатнюю гаспадарку), сям’я часта пераязджала з аднаго месца на другое. Перад Другою сусветнаю вайною жылі яны ў Гродне, пасля — у Маладзечне і ў Баранавічах, дзе і застала вайна.

Уршуля Крамплеўска з унукамі — кс. Казімірам Свёнткам (з правага боку)
і Рамуальдам Крамплеўскім. 1958 год. Кетржын (Польшча).

Баранавіцкі перыяд жыцця Рамуальда Крамплеўскага скончыўся ў 1944 годзе. Яшчэ дагаралі папялішчы, а Крамплеўскі-старэйшы настойваў на тым, каб хутчэй выехаць у Польшчу, «найлепш — першым саставам».

«Мы выехалі пасля свята Божага Нараджэння, — успамінае пан Рамуальд, — а Буг пераходзілі дакладна ў навагоднюю ноч 1944/45 гг. У той шлях, невядомы і без павароту, выехалі ў таварным вагоне — мае бацькі, дзве цёці, бабуля і я. Цёця Вера з Ізаю засталіся па прычыне яе сына Казіка (ксяндза з Пружан) — не ведала, дзе ён і што з ім…

(…) Праз два гады ў Польшчу прыехала цёця Вера з Ізаю, не маючы пра свайго малодшага сына ніякай звесткі.

Лёс Рамуальда склаўся падобна да лёсу яго бацькі ў сэнсе прафесійным: сваё жыццё таксама прысвяціў чыгунцы. Па сённяшні дзень выкладае ў тэхнічнай акадэміі у г. Быдгошч. Некалькі разоў прыязджаў у Беларусь у Пінск. Быў у захапленні, як і кардынал, ад шчымлівых беларускіх пейзажаў…

Утаймаваны боль

…Матчына сэрца балела нясцерпным болем: дзе яе сын? Ведала толькі, што падчас вайны як ксёндз быў арыштаваны. Збірала, імкнулася адправіць яму пасылкі, але ніхто іх не прымаў. Малілася ўдзень і ўначы, просячы Панну Марыю аб заступніцтве. А што далей?..

Недзе ў сярэдзіне 50-х прыляцела радасная вестка: яе сын Казімір — жывы, прыйшоў са сталінскіх лагераў, адбыўшы там 10 гадоў зняволення!..

Сэрца сына таксама рвалася на кавалкі: што з маці, са старэйшым братам, з усімі роднымі? Вярнуўшыся ў Пінск, пачаў пошукі. І пачаў ксёндз Казімір з чыгункі, каб дазнацца перш за ўсё пра свайго дзядзьку — матчынага брата Казіміра Крамплеўскага, які працаваў рэвізорам.

Дзякаваць Богу, нітачка, за якую пацягнуў, аказалася моцнай. Ад дзядзькі Казіміра даведаўся, што пасля вайны Вераніка Свёнтэк разам з дачкою Ізабэлаю выехалі ў Польшчу, пасяліліся ў г. Клучборк. Даведаўся, дзе і як жывуць усе астатнія. І захаваныя Богам людзі сустрэліся — гэта было напрыканцы 50-х гадоў…

Кардынал Казімір Свёнтэк на магіле маці ў г. Ополе (Польшча)

Маці кардынала некалькі разоў прыязджала ў Пінск да свайго сына Казіміра, прыязджала разам з Ізабэлаю і яе мужам Юзафам Нявінскім. Побач з сям’ёю сваёй прыёмнай дачушкі яна і скончыла свой зямны век, памерла ў 1981 годзе ў Ополе, дзе і была пахаваная.

Ізабэла (да шлюбу Свёнтэк) атрымала вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці філолаг ва ўніверсітэце Вроцлава, нарадзіла дваіх дзяцей, працавала ва ўніверсітэце ў Ополе, дзе і сёння жыве разам са сваім мужам. Рамуальд Крамплеўскі, які шчыра падзяліўся сваімі ўспамінамі і архіўнымі здымкамі, таксама некалькі разоў наведваў Беларусь з жонкаю Эляй; жывуць у Быдгошчы.

Паводле Раісы Сушко, часопіс «Дыялог»

(тэкст цалкам чытайце ў новым нумары часопіса за кастрычнік 2014 г.)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.