11–17 кастрычніка ў Беларусі адбылася візітацыя Генеральнага настаяцеля Ордэна Пабожных Школ (піяраў). Згодна з піярскімі статутамі, Генеральны настаяцель падчас свайго 5-гадовага тэрміну прабывання на гэтай пасадзе абавязаны наведаць усіх субратоў-піяраў, якія служаць у школах і парафіях у розных краінах свету, у тым ліку і ў Беларусі.
Айцец Пэдро Агуадо SP прыбыў у Беларусь з Рыма, дзе знаходзіцца Генеральны дом Ордэна піяраў, са сваім асістэнтам па справах Еўрапейскага рэгіёна а. Матэушам Піндэльскім SP. Высокім гасцям спадарожнічаў а. Юзаф Матрас SP — Правінцыяльны настаяцель Польскай правінцыі Ордэна піяраў, пад кананічнай юрысдыкцыяй якой знаходзяцца тры піярскія дамы ў Беларусі.
11–13 кастрычніка госці наведалі дом у Чавусах.
13 кастрычніка ў Мітрапалітальнай курыі ў Мінску адбылася іх сустрэча з дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыем Касабуцкім.
13–14 кастрычніка госці наведалі піярскі дом у Лідзе (Індустрыяльны).
15–17 кастрычніка яны пабывалі ў Alma Mater піяраў у Беларусі — шчучынскім Калегіуме Ордэна піяраў.
16 кастрычніка ў Дыяцэзіяльнай курыі ў Гродне госці сустрэліся з біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам, старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.
Адбыліся і сустрэчы з усімі субратамі супольна. Была магчымасць асабістай размовы з Генеральным настаяцелем.
Госці сустракаліся з каталіцкай моладдзю і настаўнікамі, якія таксама маглі задаць ім пытанні. Моладзь цікавілася пакліканнем айца генерала і яго выбарам Ордэна піяраў. Як аказалася, будучы законнік вучыўся ў піярскай школе, таму пранікся любоўю да яе яшчэ з дзяцінства. Пра сваё пакліканне генерал сказаў словамі св. Юзафа Каласанса: «Тут, у Рыме, я знайшоў найлепшы спосаб служэння Богу і людзям. І нішто на свеце не прымусіць мяне адмовіцца ад гэтага…»
Адбыліся размовы як з настаўнікамі, так і моладдзю. Моладзі, між іншым, былі зададзены пытанні пра парафію, святароў, адносіны да Бога, веры і Касцёла.
А. Аляксандр Махнач SP
Фота а. Віталія Слукі SP
|