«Чары Палесся» — так называецца кніга, якая выйшла ў выдавецтве «Pro
Christo» да 100-годдзя кардынала Казіміра Свёнтка. На дысках, выпушчаных
разам з кнігай, захаваныя унікальныя краявіды Палесся, знятыя самім
кардыналам. Кніга раскрывае невядомы дагэтуль вобраз
кардынала-кінематаграфіста.
Перадгісторыю выдання кнігі ў інтэрв’ю для Catholic.by распавёў рэжысёр Юрый Гарулёў, які разам з кардыналам працаваў над звядзеннем гэтых фільмаў.
— Кардынал здымаў фільмы? Калі Вы даведаліся пра гэта ўпершыню?
— Ён звярнуўся да мяне сам. На той момант мы перажылі, здаецца, ужо два сумесныя фільмы — я здымаў пра кардынала кіно. Таму мы былі, можна сказаць, у добрым кантакце. Прынамсі, ён пачаў мяне ўжо прыкмячаць (усміхаецца — заўв. аўт.). Бо падчас першай карціны ён не бачыў кінааператара, не заўважаў, але гэта натуральна.
Чалавек, які прайшоў 10 гадоў ГУЛАГу, не так проста кідаецца ў знаёмствы. Да карэспандэнтаў кардынал ставіўся з асцярогай. Калісьці яго, святара з Піншчыны, здымалі польскія кінематаграфісты (фільм «Cвятар з ГУЛАГу»). І як святар, ён мог выказацца на камеру адносна таго, што перажыў — датычна савецкай улады. Але калі ён стаў біскупам, то з гэтымі рэчамі быў, вядома, куды больш асцярожней. Польскі ж рэжысёр злучыў два фільмы ў адзін і распавядаў пра кардынала Свёнтка як пра святара і біскупа, выкарыстоўваючы ўрэзкі з былога фільма, у якім кардынал выказваўся яшчэ як проста святар...
Як расказваў кардынал ужо пазней, ён вельмі любіў здымаць Палессе. Гэты край вельмі захапляў яго сваёй прыродай і краявідамі. Кардынал ведаў усе дарожкі, сцежкі — дзе рыбалка, а дзе паляванне. Ваколіцы Пінска ён аб’ездзіў на матацыкле ўздоўж і ўпоперак.
Свае фільмы ён здымаў на плёнцы сам. Здымаў, а пасля праяўляў. Разводзіў тазікі з вадой, праяўляльнікі і г.д. Гук жа запісваў асобна. Гук трэба было зводзіць у асобную дарожку, а затым аб’ядноўваць яго з карцінкай. Асобна чалавек на той час не мог гэтага зрабіць, над гэтым працавалі вялікія калектывы. Таму кардынал рабіў інакш.
Музыку ён драбіў згодна з планам, які ў яго быў, каб яна супадала з той відэавыявай, што была адзнятая. Кардынал пускаў на сценку праектар з відарысам і ўключаў-выключаў магнітафон, падганяючы пад кожную частку выявы адпаведнае гукавое афармленне. А пасля ўшчыльняў тыя гукі. Тэхналогія была неверагоднай!
Чым я яшчэ здзіўлены: ён спачатку запісваў сябе, сваю начытку тэкста, а пасля запісваў музыку, якую сам і падбіраў. Падбіраў для агучвання вершы польскіх аўтараў і рабіў гэта проста неверагодна — вельмі дакладна. Тое ж было і з класічнай музыкай: пападанне ў карцінку было стопрацэнтным!
«Ён вельмі баяўся паказацца аматарам-дылетантам у гэтай справе»
— І сваім відэахобі ён падзяліўся з вамі?
— Я не ведаю, ці шмат людзей ён пасвячаў у сваю таямніцу. Але ён вельмі баяўся паказацца аматарам-дылетантам у гэтай справе.
Як я ўжо казаў, у кардынала асобна захоўваліся відэаплёнкі і плёнкі з гукам. І неяк ён той гук згубіў. Яго знаёмыя з Польшчы перавялі яму плёнку на VHS- касеты, а замест гуку наклалі музычную падложку, таму выява была з музыкай.
Але пазней кардынал знайшоў страчаную плёнку з гукам. Тым гукам, які калісьці запісваў сам. І тады ён папрасіў маёй дапамогі. І вось, кардынал прыносіць і выкладвае перада мною 17-20 тых фільмаў на VHS касетах. З абложкамі, з подпісам, што там запісана. І кажа мне: «Тут няма майго гуку, але вось — зыходныя матэрыялы. Ці можна зноў перакласці на такую ж VHS касету?»
Кардынал Казімір Свёнтэк быў не толькі ахвярным пастырам, але і вытанчаным кінематаграфістам
Я пагадзіўся. І разам з Алікам Лавышам (супрацоўнік відэастудыі Гродзенскай дыяцэзіі — заўв. аўт.) мы выканалі яго просьбу. Кардыналу спадабалася і пасля ён папрасіў перанесці ўсё на дыскі — трымаў руку на пульсе (усміхаецца — заў. аўт.).
Спачатку мы зрабілі адзін дыск. Гэта ўжо пасля я высветліў, што ў яго тэматычная серыя. Гэта былі «Чары Палесся» — невялікія прыродныя відэазамалёўкі: над вадой, у поле, у лесе. Усяго на гэту тэматыку – шэсць фільмаў. І з іх мы зрабілі дыск.
— Якой была рэакцыя кардынала?
— Гэта быў пробны варыянт, але кардынал быў узрадаваны вынікам. Так мы зрабілі яшчэ тры дыскі. Наступным быў дыск на музыку Шапэна. Усё, што рабіў кардынал, датычыла Палесся.
Па яго фільму можна было б вывучаць музыку — што такое накцюрн, сімфонія і дзе яны выкарыстоўваюцца. Дзе адзін раяль, дзе фартэпіяна, дзе аркестр… Усё ў яго было 100 працэнтаў вытрымана. На жаль, шапэнаўскі дыск пры жыцці кардынала мы не паспелі дарабіць…
Кадр з фільма «Чары Палесся»
— З чаго будзе складацца кніга «Чары Палесся», выдадзеная з нагоды стагоддзя кардынала?
— Да кнігі будуць далучаны два дыскі. Там усе фільмы, знятыя кардыналам. Фільмы разбітыя на цыклы, усяго 17 відэафрагментаў. Мы пастараліся максімальна вытрымаць яго стылістыку.
Адзін з цыклаў «Чары Палесся» — лета, вясна і зіма ў адной карціне. Іншы цыкл — «Пінск — сталіца Палесся». Наколькі разумею, ён сам начытваў той тэкст і сам яго пісаў. Гэта быў такі экскурсійны фільм, непадобны на ўсё астатняе, дзе кардынал чытае вершы польскіх празаікаў. Гэта такі адмысловы гід па Пінску.
Увогуле кардынал здымаў не толькі Палессе — у яго былі здымкі і ў Маскве, і ў Польшчы, але той матэрыял ён не лічыў сур’ёзным.
Акрамя дыскаў, у кнігу ўвойдуць і мантажныя лісты да відэа. Добра памятаю, калі кардынал мне паказаў іх упершыню. Яны захоўваліся ў звычайным такім сшытку з картоннай абгорткай. Я тады як глянуў — у мяне паехаў дах!
Кс. Казімір Свёнтэк у часе рамонту Пінскай святыні
Кожны фільм быў распісаны: гэта быў менавіта сцэнарый — усе дыктарскія тэксты, усе вершы, якія гучаць у фільме; музыка, тэхнічныя дэталі… Сапраўдны мантажны ліст. Гэта вышэйшая ступень прафесійнасці! Мы, калі на «Беларусьфільме» пішам кіно, то таксама рыхтуем такія мантажныя лісты.
Там быў хранаметраж: з якой хвіліны пачынаецца, па якую хвіліну заканчваецца. Усё было распісана па эпізодах. Кардынал тады яшчэ спытаўся, паказваючы на свае мантажныя лісты: «Вось яшчэ гэта маю. Ці дапаможа?» Канешне!
Аддрукаваныя яны на машынцы пад адной агульнай абгорткай. Усе гэтыя фільмы, укладзеныя ў той картон — музейная рэдкасць! Былі, праўда, напісаныя яшчэ ад рукі тэксты.
У кнігу цалкам увайшлі сканаваныя мантажныя лісты. Усё гэта, аднак, па-польску. Але нам хацелася, каб і беларусы таксама акунуліся ў гэту атмасферу. Каб адчулі, як ён чытае, адчулі гэтыя вершы і душу кардынала. У гэтых кароткіх анатацыях на беларускай мове мы тлумачым змест кожнага фільма. — Ваша ацэнка гэтай працы?
— У прафесійным кінематографе існуе, бадай, адна трохсотметровая «бабіна» палескай хронікі. Відэахроніка. Гэта хроніка, аднак, украінскага Палесся, у нас у Беларусі нічога падобнага няма.
Захаваліся, праўда, фотаздымкі, але і тое — таго Палесся, якога ўжо няма. Чым каштоўная для нас сёння польская даследчыца Соф’я Хамянтоўская — тым, што яна вярнула нам тое Палессе ў здымках сёння. А ў кардынала — тое Палессе на плёнцы!
Адзін з асобнікаў кнігі абавязкова павінен апынуцца ў музеі Палесся ў Пінску. Там зняты побыт палешукоў, іх праца — як цягаюць стагі сена; партрэты стогадовых дзядоў... Гэта такая этнаграфічная энцыклапедыя — дысертацыю можна абараняць.
— Якія гады ахопленыя ў кінастужках кардынала?
— Ён здымаў 1960-я гады. Меліярацыя набірала тэмпы, але закінутае Палессе яшчэ жыло. Кніга выйдзе накладам прыблізна ў 300 экземпляраў. Вядома, гэта вельмі мала.
У першую чаргу гэта будзе падарункавы набор. Была б магчымасць, я іх і 10 мільёнаў аддрукаваў бы, каб кожны беларус меў такую кнігу.
Там такія пачуцці да Палесся! У кардынала быў асаблівы погляд і на мікрасвет: жучкі, змейкі, жабкі. Ён паказвае гэта буйным планам: што тая жабка робіць, як сядзіць, як дыхае… Усе тыя матэрыялы павінны па кадру вывучацца вучонымі, якія даследуюць Палессе. Сёння, я думаю, такога гістарычнага летапісу Палесся ў Беларусі няма.
Гутарыў Ілья Лапато Фота з часопісаў «Ave Maria» і «Наша вера»