Якая яна — свабода кардынала Казіміра Свёнтка? |
Беларусь |
27.10.2014 15:57 |
«Трэба даваць Хрыста там, дзе няма свабоды», — паўтараў Казімір Свёнтэк, колішні навучэнец баранавіцкага калегіума імя непахіснага змагара за незалежнасць Айчыны — Тадэвуша Рэйтана і, нарэшце, вялікі кардынал Беларусі. Ці аказала ўплыў постаць Тадэвуша Рэйтана, змагара, вядомага сваім учынкам падчас Сейму 1773 года, на свядомасць будучага адраджэнца Касцёла ў Беларусі, так і не скажаш. Аднак дакладна можна сказаць, што агульныя рысы паміж гэтымі дзвюма постацямі беларускай гісторыі ёсць. Гэта рысы вялікай адвагі, нязломнасці і высакароднасці, побач з вераю і надзвычайным імкненнем да справядлівасці, нескаронасцю перад аніякімі ўладамі, акрамя моцы Найвялікшага Валадара… Гэта свабода гаварыць казанне ў адзенні вязня, гады сібірскай свабоды, свабода сустрэчы Божага Нараджэння ў камеры з каляднымі спевамі, свабода заўсёды быць сабой, са сваім небам, якое, як казаў Караткевіч, кожны носіць з сабою. Свабода, каб «не шукаць для сябе нічога». Свабода лічыць чалавека самым важным. Свабода змагацца за тое, што любіш, свабода ў барацьбе, свабода бараніць тое, што лічыш вартым, годным вялікай пашаны, як у выпадку з труной і целам біскупа Зыгмунта Лазінскага, якая па ініцыятыве кардынала была схавана ад небяспекі і да 1991 года ніхто не ведаў, дзе яна знаходзіцца і чакае моманту сваёй свабоды. Такая яна, свабода кардынала, дзякуючы якой дыхае адроджаны Касцёл у Беларусі, свабода быць адважным, непахісным і верным свайму небу, у якім прысутны Валадар. Валадар, які сам дзеля гэтай свабоды цярпеў здзек і боль, які дзеля гэтай свабоды аддаў жыццё. Але які ў гэтай свабодзе і атрымаў жыццё ва Уваскрасенні. Аксана Ючкавіч
|
Фотарэпартаж |