Фотафакт 1989 года — чаканы «ўваход» біскупа на беларускую зямлю |
Беларусь |
30.10.2014 20:55 |
Фатограф Баляслаў Гавэцкі з Гродна дзеліцца фотаздымкамі, якія былі зроблены 25 гадоў назад, у хуткім часе пасля біскупскай сакры кс. Тадэвуша Кандрусевіча, які атрымаў яе з рук Папы Яна Паўла ІІ — 21 кастрычніка 1989 года ў Рыме. Уступленне біскупа на сваю пасаду называецца інгрэсам, што паходзіць ад лац. іngressus — уступленне, уваход. Падчас уступлення на пасаду зачытваецца пасланне Папы, у якім аб'яўляецца аб прызначэнні біскупа. Таксама падчас інгрэсу дыяцэзіяльныя святары складаюць яму сваю прысягу. Новапрызначаны біскуп дзеліцца сваімі задумамі і планамі, якія з Божай волі жадае здзейсніць. Інгрэс новапрызначанага біскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў гродзенскую катэдру адбыўся ў дзень яго імянінаў — 28 кастрычніка 1989 года, а ў Мінску (на Кальварыі) — 30 кастрычніка. З чаго ўсё пачыналася, новыя «крокі Касцёла ў Беларусі», у якога з'явіўся чаканы кіраўнік, у наступных фотаздымках Баляслава Гавэцкага: Першыя дні, месяцы паслугі новага біскупа, калі беларускія вернікі на ўласныя вочы бачылі свайго арцыпастыра можна назваць рэлігійным «выбухам». У святых Імшах удзельнічалі тысячы людзей, а святыні, якія столькі год былі ў занядбанні, наноў перажывалі сваё адраджэнне. Шмат людзей са слязамі на вачах віталі біскупа, не хаваючы сваёй радасці і хвалявання, выкладалі дываны з кветак. Усе ўсведамлялі, што распачынаецца новы перыяд у гісторыя Касцёла ў Беларусі, перыяд прасякнуты надзеяй. (JM), (AYU) |