8 лістапада рэдэмптарысты, сабраўшыся ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне, адзначалі 25-гадовы юбілей свайго служэння ў Беларусі. Юбілей адзначаўся ў 282-ю гадавіну заснавання Кангрэгацыі Найсвяцейшага Адкупіцеля.
Урачыстую Эўхарыстыю ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У гаміліі іерарх падзякаваў рэдэмптарыстам за іх служэнне і заахвоціў да яшчэ большай руплівасці ў абвяшчэнні Адкуплення.
Святой Імшы папярэднічала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту з разважаннем над словамі заснавальніка супольнасці св. Альфонса Лігуоры і Канстытуцыі супольнасці.
Гісторыю прысутнасці рэдэмптарыстаў у Беларусі прадставіў а. д-р Андрэй Шчупал CSsR. Служэнне рэдэмптарыстаў ахапіла парафіі ў Парэччы, Новай Рудзе, Эйсмантах, Заневічах, Макараўцах, Малой Бераставіцы, Вялікай Бераставіцы, Рэплі, Волпе, Мінску-Сокале.
Пасля Імшы адбыўся канцэрт арганнай музыкі і пачастунак, падрыхтаваны парафіяй Найсвяцейшага Адкупіцеля.
На свята прыбылі ўсе айцы рэдэмптарысты, якія нясуць служэнне ў Беларусі, разам з парафіянамі. Найбольш шматлікай была група з парафіі ў Вялікай Бераставіцы, што склала больш за 100 вернікаў.
Айцы рэдэмптарысты падзякавалі таксама сёстрам законным, якія супрацоўнічаюць з імі: гэта сёстры назарэтанкі, сёстры школьныя Нотр-Дам і сёстры сэрцанкі.
Радасцю для рэдэмптарыстаў з’яўляецца тое, што сёння ў Беларусі служаць ужо сем айцоў, якія паходзяць з Гродзеншчыны.
Удзячныя Богу і людзям, рэдэмптарысты праспявалі гімн «Te Deum» як падзяку за ўсе ласкі, дары і досвед.
А. Вальдэмар Слота CSsR, AG
|