Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Імша на беларускай мове прайшла ў капліцы Абраза Маці Божай Вастрабрамскай у Вільнюсе
Беларусь
12.11.2014 14:05

11 лістапада ў капліцы цудадзейнага абраза Маці Божай Вастрабрамскай прайшла Імша на беларускай мове. Гэта стала магчымым дзякуючы дням апекі Маці Божай Вастрабрамскай, падчас якіх у капліцы цэлебруюцца Імшы на розных мовах свету.

Беларускую Імшу ўзначаліў кс. Павел Гедройць, дэкан з Сапоцкіна. У Імшы прымалі ўдзел таксама кс. Павел Калеснік і кс. Антоні Казлоўскі, а таксама беларусы, якія жывуць у Літве.

У гаміліі кс. Павел Гедройць зазначыў, што «да Маці Божай прыходзім усе з розных краёў і народаў, каб аддаць пашану і хвалу Маці Міласэрнасці, якая адаруе пад сваім сэрцам Езуса».

«Мы прыходзім не толькі прасіць, праслаўляць, але перадусім дзякаваць за найвялікшы скарб, якім для чалавека з’яўляецца Езус», — заключыў святар.

Ксёндз Павел Гедройць, разважаючы на словамі Евангелля, заахвоціў удзельнікаў Імшы быць сведкамі Божай любові і міласэрнасці. «Мы павінны абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім у сучасным свеце. Такім убогім з’яўляецца кожны чалавек, якога Бог ставіць на дарозе нашага жыцця», — адзначыў святар.

Сваю гамілію святар скончыў малітвай удзячнасці да Маці Божай, у якой гаворыцца: «Прыходзім, каб на Цябе паглядзець і з радасцю ўспомніць, што Ты мая Маці, а Я Тваё дзіця».

Завяршылася Імша перад абразом Маці Божай малітвай за Беларусь.

(JM), (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.