20 гадоў разам з «Ave Maria» |
Беларусь |
13.11.2014 10:41 |
У засені векавога юбілею кардынала Казіміра Свёнтка 20-годдзе часопіса «Ave Maria» выглядае сціплаю датаю. Але сімвалічна, што гэтая дата прыпала акурат на сёлетнюю юбілейную восень і што ёсць нагода падзякаваць Богу за два дзесяцігоддзі працы нашага невялічкага калектыву, які на самым пачатку падтрымаў Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтэк. Сімвалічна й тое, што ў юбілейны для нас год адбылася кананізацыя Вялікага Папы Яна Паўла ІІ, які ў 1994 годзе благаславіў выданне часопіса «Ave Maria». Мы заўсёды адчувалі і адчуваем сілу і ласку гэтага благаслаўлення. Дарагія чытачы, шаноўныя нашы аўтары! Дзякуй вам за тое, што ўсе гэтыя гады вы застаецеся разам з намі — дапамагаеце і падтрымліваеце нас сваімі лістамі, дасылаеце цікавыя артыкулы і аповеды пра свае парафіяльныя супольнасці, дзеліцеся не толькі радасцямі, але часам і болем, і тымі праблемамі, якіх, на жаль, хапае ў нашым штодзённым жыцці. Дзякуй за гэтую шчырую сяброўскую сувязь, бо яна дае адчуванне адной вялікай Божай сям’і, якую клапатліва і нястомна збірае святая Марыя і якою Яна па-мацярынску чула ўвесь час апякуецца. Cардэчна віншуючы ўсіх вас з юбілеем часопіса, хачу паведаміць, што 23 лістапада, ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, у мінскай архікатэдры а 13-й гадзіне адбудзецца святая Імша падзякі за 20 гадоў працы часопіса «Ave Maria». Запрашаем усіх далучыцца да гэтай эўхарыстычнай малітвы. Няхай жа і надалей Божая міласэрнасць не пакідае нас, няхай кожнаму дае сілы і натхненне для высакароднай справы евангелізацыі і пашырэння Божага Валадарства ў гэтым свеце. Крыстына Лялько, |