Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Копія шкляной цацкі, падараваная Папу Яну Паўлу ІІ, прадстаўлена ў сталічным «Музеі ёлачных цацак»
Беларусь
20.11.2014 18:05

Дакладная копія шкляной цацкі, падараванай шкладувамі Папу Яну Паўлу ІІ, прадстаўлена ў «Музеі ёлачных цацак», які адкрыўся ў сталічным Нацыянальным мастацкім музеі.

 

Пра гэта паведамляе БЕЛТА.

Праект рэалізуецца ў Беларусі ўпершыню. У музеі прадстаўлена больш за 500 экспанатаў, сярод якіх ёсць і сапраўдныя рарытэты канца XIX стагоддзя, ёлачныя цацкі савецкай эпохі, а таксама сучасныя ўпрыгажэнні, вырабленыя ў Расіі, Польшчы, Нідэрландах і Германіі.



Сярод экспанатаў сустракаюцца таксама шары з выявамі карцін Шагала, Далі, Шышкіна, Пікаса, Васняцова, Айвазоўскага, да Вінчы і Ван Гога.

Самым рарытэтным экспанатам, выстаўленым у мінскім «Музеі ёлачных цацак», з’яўляецца шар з Аўстра-Венгерскай імперыі канца XIX стагоддзя. Такімі шарамі ўпрыгожвалі памяшканні, дзе адбываліся знакамітыя калядныя балі.

 

Наведвальнікі выстаўкі могуць не толькі ўбачыць ёлачныя шары з розных эпох і краін, але і пазнаёміцца з іх гісторыяй, а таксама тэхналогіяй вырабу.

З’яўленню прывычных для сучаснага чалавека навагодніх упрыгажэнняў мы абавязаны неўрадліваму 1848 году падчас яблычнага збору ў Германіі. Да таго часу ёлкі ўпрыгожвалі цукеркамі, пернікамі і яблыкамі. Выраб шкляных шарыкаў быў не чым іншым, як спробай нямецкіх шкладуваў зрабіць штучныя «яблыкі», каб стварыць святочную атмасферу.

Ёсць у Музеі і ўпрыгожванні з самага вядомага ў Еўропе магазіна шкляных цацак з Ротэнбурга-на-Таўберы, дзе акрамя шкляных ёлачных упрыгажэнняў прадаюць таксама драўляныя і алавяныя цацкі.

Шкляныя ёлачныя шары ў Беларусі сёння не выпускаюць: апошняя фабрыка ёлачных упрыгажэнняў была зачынена ў пачатку 90-х.

Паводле Крысціны Рэшанок. Фота Аксаны Манчук. БЕЛТА

(JLS)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.