Крыстына Лялько пра сустрэчу з Папам Янам Паўлам ІІ: «Удакладніў, ці па-беларуску выдаецца газета, і, пачуўшы станоўчы адказ, прамовіў: «Божа, заплаці вам за гэту працу» |
Беларусь |
21.11.2014 12:20 |
23 лістапада ў мінскай архікатэдры пройдзе Імша падзякі за 20-годдзе часопіса «Аve Maria». Сёння мы друкуем ўспаміны галоўнага рэдактара часопіса Крыстыны Лялько пра сустрэчу з Папам Янам Паўлам ІІ, яго благаслаўленне на выдачу часопіса і пра паўторную сустрэчу, калі Пантыфіку былі прэзентаваныя першыя выпускі «Ave Maria». З часопіса «Ave Maria», 1995 г.: «Гэта была мая другая сустрэча са Святым Айцом Янам Паўлам ІІ. Як і першая, роўна год таму, праходзіла яна ў папскай рэзідэнцыі Кастэль Гандольфо за сорак кіламетраў ад Рыма. Дзіўна, што, узяўшыся напісаць слова пра сёлетнюю сустрэчу, думкамі я пастаянна вяртаюся да мінулагодняй, у душы наноў яе перажываючы. Пэўна таму, што гэтая апошняя па часе сустрэча са Святым Айцом стала як бы лагічным працягам той, мінулагодняй. «Увесь час малюся за Беларусь» Тады мне таксама пашчасціла ўдзельнічаць у святой Імшы, якую адпраўляў Папа ў сваёй капліцы. А пасля некалькі хвілін пагутарыць з ім. Святы Айцец пытаў пра Беларусь, пра нашага арцыбіскупа Казіміра Свёнтка, цікавіўся сітуацыяй Касцёла ў Беларусі. У той кароткай размове я сказала Яго Святасці, што мы стварылі дабрачынную фундацыю «Маці Божая Фацімская», што плануем выпускаць пры ёй квартальнік «Наша вера» і газету «Ave Maria» і на развітанне папрасіла яго папскага благаслаўлення на гэту працу… Трэба сказаць, што айцоўскае благаслаўленне Яна Паўла ІІ сапраўды дапамагло і дапамагае нам: «Ave Maria», хоць і з вялікімі цяжкасцямі — матэрыяльнымі і фізічнымі — усё ж выдаецца. Таму, калі сёлета я атрымала ад фундацыі Яна Паўла ІІ і польскага інстытута Хрысціянскай Культуры запрашэнне на Міжнародную канферэнцыю, то наш маленькі рэдакцыйны калектыў адразу вырашыў перадаць Святому Айцу камплект «Ave Maria». Хоць і не было пэўнасці, што пашчасціць мне зноў спаткацца з Яго Святасцю, газеты я ўсё ж узяла… Канферэнцыя, якая праходзіла ў Рыме з 25 па 29 верасня, была прысвечана праблемам посткамуністычнага грамадства ў Беларусі, Літве, Украіне і Польшчы. Беларусь прадстаўлялі там вядомыя гісторыкі Анатоль і Валянцін Грыцкевічы, эканаміст Анатоль Станкевіч, пісьменніца Валянціна Коўтун і аўтарка гэтых радкоў. Увогуле, трэба адзначыць высокі ўзровень гаворкі, якая вялася на гэтым прадстаўнічым форуме менавіта па праблемах духоўнага і рэлігійнага жыцця названых краін. Узрушыла нечаканымі супастаўленнямі і вастрынёю пастаўленых пытанняў выступленне вядомага польскага журналіста і пісьменніка Багдана Цывіньскага — «Каталіцкі Касцёл перад новаю ідэалагічнаю і духоўнаю праблематыкаю ў Польшчы, Літве, Беларусі і Украіне». Глыбокая дасведчанасць у праблемах рэлігійнага жыцця ў Беларусі, пранікненне ў гістарычную сутнасць гэтых праблем вылучалі выступленні прафесара сацыялогіі Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта кс. Мар’яна Радвана. Перад сустрэчай Думаю, што запомніліся ўдзельнікам канферэнцыі даклады беларускіх гісторыкаў Анатоля і Валянціна Грыцкевічаў, украінскага гісторыка Міраслава Марыновіча і літоўца Вітатуаса Алішаўскаса… Як і ў мінулым годзе, у часе гэтай святой Імшы перажыла ні з чым непараўнальнае адчуванне непасрэднай блізкасці Езуса, Яго асязальнай прысутнасці. Ведаю, што адчуваннем гэтым абавязана Святому Айцу. Гэта ён прасякнуты духам Евангелля, Пётр нашага часу, «скала, на якую можна абаперціся ў часіну выпрабаванняў, у хвіліны сумненняў і «ночы цёмнай», даў нам жывога Езуса ў жывой Эўхарыстыі. Сілаю сваёй веры ўмацаваў маю, такую часам слабую і кволую. Святы Айцец усміхнуўся: «Памятаю. З Мінска…» Калі падышла мая чарга, то я мела магчымасць пераканацца ў тым, пра што ўжо не раз чула ад іншых — у фенаменальнай памяці Папы. Апярэджваючы прафесара Клачоўскага, які памкнуўся мяне прадставіць, Святы Айцец усміхнуўся: «Памятаю. З Мінска…» Так пачалася наша размова. Калі я падала Яго Святасці камплект газеты «Ave Maria» і сказала, што гэта вынік яго мінулагодняга айцоўскага благаслаўлення, трэба было бачыць, як засвяціліся радасцю вочы Святога Айца: «Як жа гэта добра, што робіце такую справу». Перапытаў, удакладніў, ці па-беларуску выдаецца газета, і, пачуўшы станоўчы адказ, прамовіў: «Божа, заплаці вам за гэту працу». Спазма перахапіла мне дыханне. Ад вялікага ўзрушэння цяжка было сказаць слова. Крыстына Лялько |