Рэстаўрацыя абраза св. Роха распачнецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі ў 2015 годзе. Спецыялісты называюць абраз адной з лепшых выяваў святога, якая захавалася ў Беларусі з XVIII стагоддзя.
Абраз быў перададзены на захаванне ў Нацыянальны мастацкі музей у 1966 годзе з абласнога краязнаўчага музея ў Маладзечне. Амаль паўстагоддзя абраз праляжаў у фондах музея, чакаючы планавай рэстаўрацыі.
Аборкі-Лебедзева-Маладзечна-Мінск
«Абразы ў музеі рэстаўруюцца па ступені захаванасці, — у размове з карэспандэнтам Catholic.by адзначыла Любоў Сысоева, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускага мастацтва музея. — У 2015 годзе чарга дойдзе і да абраза св. Роха». 
Як удакладніла мастацтвазнаўца, абразы XVI стагоддзя лічацца ў беларускіх музеях рарытэтамі ды й твораў XVII стагоддзя захавалася вельмі мала. Абразы XVIII стагоддзя, паводле слоў навукоўца, распаўсюджаны больш, але і іх зусім няшмат. «Унікальнасць абраза св. Роха ў тым, што сёння гэта адзіны вядомы абраз св. Роха ў Беларусі, датаваны XVIII стагоддзем», — адзначае Любоў Сысоева.
Першапачаткова абраз знаходзіўся ў касцёле в. Аборкі (*сёння тэрыторыя в. Палачаны Маладзечанскага раёна). Як пацвердзіў карэспандэнту Catholic.by кс. Сяргей Бараўнёў, пробашч парафіі Св. Роха ў Палачанах, пасля закрыцця касцёла ў Аборках сем касцёльных абразоў былі перададзеныя вернікамі ў іншыя святыні Беларусі.
Так, шэраг абразоў трапілі тады ў Кальварыйскі касцёл у Мінску, а абраз св. Роха — у касцёл у Лебедзеве. Менавіта адтуль пасля закрыцця святыні абраз трапіў у фонды маладзечанскага музея, а затым і ў мастацкі музей Мінска. Сёння ў касцёле ў Палачанах знаходзіцца копія гэтага абраза, якую напісаў мясцовы жыхар Рамуальд Стружыцкі.
Ці вернецца абраз назад у святыню? 
Абраз св. Роха (на здымку), як і большасць абразоў, трапіў у музей падчас т. зв. «музейных экспедыцый».
«Экспедыцыі ў свой час зрабілі важную працу, — адзначае гісторык мастацтва, супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Аляксандр Ярашэвіч. — Дзякуючы ім быў зроблены вопіс помнікаў культуры і архітэктуры. І сёння па гэтых спісах можна меркаваць, якія з каштоўнасцяў захаваліся, а якія не». Аляксандр Ярашэвіч дадаў, што агулам у музеях Беларусі сёння каля тысячы храмавых абразоў, якія ў свой час знаходзіліся ў касцёлах і цэрквах Беларусі. У Нацыянальным мастацкім музеі такіх абразоў каля 400. Суразмоўца звярнуў увагу, што такая колькасць «музейных абразоў» — яшчэ невялікая ў параўнанні з Расіяй і Украінай:
«Ва Украіне ў музеях захоўваецца парадку 10 тысяч падобных экспанатаў. Не адстае па колькасці і Расія».
На пытанне Catholic.by, ці здараліся ў гісторыі музея выпадкі вяртання музейных абразоў назад у святыні, мастацтвазнаўца Любоў Сысоева адзначыла:
«Пытанне вяртання абразоў і іншых каштоўнасцяў, роўна як і магчымасць абмену гэтых экспанатаў, варта абмяркоўваць з адміністрацыяй. Пакуль такіх прэцэдэнтаў на маёй памяці не было», — удакладніла Любоў Сысоева. Паводле яе слоў, сёння ў Нацыянальным мастацкім музеі захоўваюцца і іншыя помнікі каталіцкага мастацтва. Сярод іх, акрамя згаданага абраза св. Роха, шэраг абразоў мукі Пана і комплекс каштоўнасцяў з касцёла сясцёр брыгітак у Гродне. Ілья Лапато
|