Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Каталіцкім Касцёле распачынаецца Адвэнт
Беларусь
30.11.2014 09:00

Адвэнт багаты на разнастайныя сімвалы і традыцыі. Пры гэтым кожны народ і краіна маюць штосьці адметнае. Разгледзім найбольш цікавыя з іх больш падрабязна.

Адной з прыгожых традыцый Адвэнту з’яўляецца раратняя святая Імша ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Звычайна гэтая літургія цэлебруецца на світанні. З вялікай ахвотай у раратніх святых Імшах прымаюць удзел дзеці, якія ў пачатку літургіі ідуць у працэсіі, трымаючы ў руках запаленыя свечкі або лампадкі. І толькі на спеў «Хвала на вышынях Богу...» ва ўсім касцёле запальваецца святло.

Яшчэ адным праяўленнем адвэнтавай літургіі святла з’яўляюцца раратнія ліхтарыкі.

Ідучы на рараты, дзеці бяруць з сабой ліхтары, каб асвятліць змрок. Гэтая прыгожая сімволіка нагадвае пра неабходнасць збірання добрых учынкаў, якія дапамогуць асвятліць змрок граху ў нашай душы, паказаць Хрысту дарогу да людскіх сэрцаў.

Характэрным знакам Адвэнту ў дамах і святынях з'яўляецца і адвэнтавы вянок. Гэты звычай паходзіць з Германіі. Пратэстанцкая духоўная асоба, тэолаг і грамадскі дзеяч Джон Віхэрн адкрыў у Гамбургу школу-прытулак для сіротаў. У Адвэнце 1839 года ён зрабіў вянок, каб стварыць атмасферу, якая садзейнічала б малітве. Па краях кола (дыяметрам у два метры) Віхэрн размясціў 24 невялікія свечкі. Кожную з іх запальвалі ў чарговы звычайны дзень Адвэнту. Вакол вянка выхаванцы прытулка збіраліся штодня на супольныя сустрэчы, малітвы і спевы. Хутка звычай адвэнтавых вянкоў распаўсюдзіўся па іншых гарадах Германіі і ўсёй Еўропы.


Адвэнтавы вянок мае глыбокую сімволіку. Яго вырабляюць з зялёных яловых ці піхтавых галінак у форме круга, на якім размяшчаюць чатыры свечкі — сімвал чатырох нядзеляў Адвэнту. Запальванне свечак азначае чуванне і гатоўнасць да прыходу Хрыста.

Першая свечка сімвалізуе прабачэнне Адаму і Еве іх непаслухмянасць Творцу. Свечка, запаленая ў другую нядзелю Адвэнту, сімвалізуе веру патрыярхаў ізраільскага народа, як удзячнасць за дар — Абяцаную Зямлю. Трэцяя свечка адносіцца да радасці караля Давіда, які цэлебруе саюз з Богам. Апошняя — сімвал навучання прарокаў, якія абвяшчалі прыход Месіі.

Святло свечак у вянку азначае надзею, а яго зеляніна — працяг жыцця. Форма круга сімвалізуе вечнасць, якая не мае пачатку і канца. Цалкам адвэнтавы вянок — гэта сімвал Божага люду, які чакае ў радасці і любові прыход Збаўцы ў свет.

Вельмі цікавая традыцыя, якая дапамагае ператварыць час Адвэнту ў сапраўднае чуванне, на жаль, у Беларусі мала вядомая — гэта адвэнтавы каляндар.


Звычай лічыць снежаньскія дні, якія застаюцца да Божага Нараджэння, і адзначаць кожны з іх маленькім падарункам ці неспадзяванкай з’явіўся шмат дзесяцігоддзяў таму. Гісторыя такіх календароў распачалася ў XVII ст. У тыя дні ў снежні было прынята кожны дзень вывешваць на сцены малюнкі з біблейскімі матывамі. Вядома, што сям’я збіралася разам, каб пабожна разважаць убачаныя сюжэты, такім чынам паглыбляючы свае веды аб Хрысце, якога чакаюць.

Найбольш традыцыйнай формай календара з’яўляецца скрыначка з акенцамі па колькасці дзён Адвэнту. У кожнай скрыначцы змешчаны цукеркі альбо іншыя сімвалічныя падарункі. Адчыніць акенца дзецям (ды і дарослым) можна толькі раз на дзень пасля таго, як зрабіў добры ўчынак.

Якімі б прыгожымі не былі традыцыі Адвэнту, варта памятаць, што сэнс гэтага перыяду літургічнага года ў тым, каб годна падрыхтаваць сябе да свята прыйсця Збаўцы. А пасля з чыстым сумленнем і шчырай радасцю сустрэць свята Божага Нараджэння.

(SZh), (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.