Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мінуў год з дня біскупскіх прызначэнняў трох сыноў беларускай зямлі |
Беларусь |
29.11.2014 08:44 |
Год таму ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі з’явіліся тры новыя біскупы: Алег Буткевіч — біскуп Віцебскай дыяцэзіі, Юзаф Станеўскі — дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі і Юрый Касабуцкі — дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Прызначэнне трох новых біскупаў стала значнай і знакавай падзеяй у рэлігійным і грамадскім жыцці беларусаў, якую асвятлялі не толькі рэлігійныя, але і свецкія СМІ. Напрыклад, партал tut.by пра аднаго з біскупаў пісаў, што той «робіць гімнастыку, любіць рок-музыку і марыць аднавіць знакавы Касцёл». А гродзенская газета «Перспектыва» пісала пра біскупа, які нарадзіўся ў той жа вёсцы, што і святая Цэліна Бажэнская, і сабраў калісьці «на “Ніве” 370 тон зерня». «Народная газета» знаёміла з біскупам, які ўслед за Папам Францішкам хоча «данесці да чалавека ўсведамленне таго, што Бог яго любіць. Усё, што робіцца ў Касцёле, накіравана на тое, каб чалавек пазнаў Бога, прыняў Яго і атрымаў збаўленне, якое Бог яму прапануе». У адным са сваіх артыкулаў вядомы беларускі публіцыст, тэолаг і навуковец Пётр Рудкоўскі адзначыў аспект веры гэтых асобаў: «гэта асобы, якія не згубілі свежасці і жывасці веры. Яны размаўляюць з людзьмі пра Бога, а з Богам пра людзей». Мінае першы год іх пастырскага служэння, няхай жа благаслаўляе Бог на будучых шляхах выканання біскупскіх абавязкаў, каб і надалей працягвалі быць «веруючымі», сапраўды «веруючымі», і найперш неслі людзям смак жыцця ў Хрыстовай веры. Аксана Ючкавіч
|
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.